Вторник, 8 октября 2024

Плыўцы пружанскай СДЮШАР № 2 — прызёры абласных спаборніцтваў «Старты надзей»

258

Пераможнымі навінамі працягваюць радаваць пружанскія плыўцы.

У гэтую сераду падапечныя трэнера Сяргея Каляды спаборнічалі на шостым этапе абласных спаборніцтваў па плаванні «Старты надзей». Турнір на гэты раз прымалі Баранавічы.

Па выніках заплываў спартсмены СДЮШАР № 2 г. Пружаны чатыры разы падымаліся на п’едэстал. Сярэбраным прызёрам турніру на дыстанцыі 50 м вольным стылем з вынікам 28,44 сек. стаў Ігнат Падгурскі. Ён жа — трэці на стаметроўцы комплексным плаваннем. Дыстанцыю праплыў за 1 мін. 11,81 сек.

Прызёры спаборніцтваў Цімур Дакімовіч, Ігнат Падгурскі і Яўген Бойка (злева направа).

Сярэбраны медаль на 50 м на спіне — у Яўгена Бойкі, яго вынік — 32,80 сек.

Яшчэ адну сярэбраную ўзнагароду ў скарбонку пружанскай каманды паклаў Цімур Дакімовіч, які стаў прызёрам на дыстанцыі 100 м комплексным плаваннем. Яе пружанец пераадолеў за 1 мін. 10,96 сек.

Уладзіслаў Шпарла

Фота прадастаўлена СДЮШАР № 2 г. Пружаны