Той факт, што надвор’е не спрыяе масаваму наведванню вадаёмаў з мэтай пакупацца, не з’яўляецца трывалай страхоўкай ад трагічных выпадкаў: як сведчыць сумная статыстыка, летась напрыканцы года ў нашым раёне было зарэгістравана два выпадкі гібелі людзей на вадзе. Зразумела, людзі патанулі не таму, што вырашылі праверыць тэмпературу вады ў сажалцы, а па трагічным збегу абставін (часта і з-за злоўжывання алкаголем).
Каб своечасова аказаць дапамогу пацярпеламу, работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях прыступілі да правядзення адпаведных трэніровак на гарадскім возеры.
— Зараз сітуацыя ўскладняецца тым, што тэмпература вады вельмі нізкая, з-за чаго скарачаецца час, які пацярпелы зможа пратрымацца да таго, як паспее дапамога,— расказвае старшы інспектар РАНС В.В.Ліпко.— Таму брыгада выратавальнікаў павінна ўкласціся ў нарматыўны час і паспець на трывожны выклік, каб захаваць чалавечае жыццё.
Менавіта гэты нарматыў, а таксама парадак дзеяння ў надзвычайных сітуацыях каля вадаёмаў і адпрацоўваюць групы выратавання штодзённа.
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.