Узлёт па кар’ернай лесвіцы можа быць імгненным, а жыццё здольна кардынальна змяніць свой вектар. Галоўнае, як лічыць выконваючая абавязкі галоўнага бухгалтара ААТ “Эксперыментальная база “Белавусаўшчына” Юлія Нічыпарук, смела крочыць наперад, не зважаючы на жыццёвыя цяжкасці.
Родам яна з Кобрына, але, не раздумваючы, прыехала на працу ў сельскую мясцовасць пасля заканчэння аграрна-эканамічнага каледжа ў Століне.
“Працы не трэба баяцца”, — пераканана дзяўчына. Таму з энтузіязмам узялася за даручаны фронт бухгалтарскай работы. Яе стараннасць і здольнасці заўважылі і ацанілі. Ды так, што неўзабаве даручылі маладому спецыялісту выконваць абавязкі галоўнага бухгалтара.
На складанасці па працы Юлія Аляксандраўна не скардзіцца. Сцвярджае, што з такімі цудоўнымі калегамі, як у “Белавусаўшчыне”, іх можна пераадолець. А з падтрымкай маладых спецыялістаў з боку дырэкцыі (да слова сказаць, апошнім часам у гэтым сельгаставарыстве калектыў памаладзеў непазнавальна) тут можна і планы на будучае будаваць.
Галіна КАЛЯДА
Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)