На сядзібу да Надзеі Іванаўны Моцька мы наведаліся без папярэджання. Але жанчыну нечаканыя госці наўрад ці могуць застаць знянацку: тут заўсёды ўзорны парадак.
— Увогуле мяне ўсе называюць Надзеяй. І практычна ніхто не ведае, што па пашпарце я — Анастасія, — на хаду жанчына дзеліцца гісторыяй пра тое, як яе «перахрысцілі». — Шчыра кажучы, я і сама даведалася пра гэта толькі тады, калі мяне прымалі ў камсамол: думала, мама метрыкі пераблытала.
Але мы прыехалі па іншай прычыне…
Сваю сядзібу ў Вялікіх Якавічах Моцькі набылі каля сарака гадоў таму. Гэта сёння яна патанае ў кветках. А што было тут некалі?
— Каб свякроў-нябожчыца ўбачыла мае новыя парадкі, напэўна, за галаву ўзялася б, — смяецца гаспадыня. — Яшчэ з дваццаць-трыццаць гадоў таму, калі трымалі гаспадарку, гадавалі дзяцей, даводзілася абыходзіцца сціплымі кусцікамі півонь: кожны кавалачак зямлі выкарыстоўваўся пад пасадку агародніны.
Але перш чым збіраць багатыя ўраджаі, зямлю гаспадарам давялося доўга і старанна апрацоўваць — зусім «пустая» была. Як гаворыць народная мудрасць: вочы баяцца, а рукі робяць. Сёння сваякі гавораць: «Надзя, цябе ў Сахару адправіць — праз два гады ты там створыш аазіс».
Не адзін год спатрэбіўся Надзеі Іванаўне, каб стварыць на сваім падворку рукатворную прыгажосць. Сёння яна не бярэцца назваць хаця б прыкладную лічбу, колькі відаў раслін налічваецца на сядзібе. Бачна адно: яна стракаціць рознымі кветкавымі колерамі на працягу амаль усяго года.
— Яшчэ снег не паспявае сысці, а ў мяне ўжо расцвітаюць марознікі, — гаворыць субяседніца. — За імі следам — крокусы, гіяцынты, цюльпаны… Ёсць кветкі, назвы якіх я нават не памятаю. Раней так масава не карысталіся інтэрнэтам — выпісвала расліны па часопісах.
Так больш за дзесяць гадоў таму, калі яшчэ мала хто з садаводаў-аматараў ведаў пра гібрыдныя расліны, у садочку Моцькаў прапісалася, напрыклад, ажымаліна.
— Спадабалася тое, што з аднаго куста яна дае восем-дванаццаць кілаграмаў ягад. Але як расце, што сабой уяўляе, не ведала зусім. Аказалася, што парасткаў гэтая расліна не дае, але сёння я ўжо ўмею яе размнажаць і правільна даглядаць. У выніку атрымліваю ўраджай нават большы за абяцаны.
Жанчына, здаецца, усё ведае пра догляд і развядзенне абсалютна любых кветак і дэкаратыўных кустоў. Вось узяць хаця б гартэнзіі. Нам яна гатова даць цэлы майстар-клас: як правільна абараніць куст ад зімовых маразоў, што зрабіць, каб летам ён радаваў вока.
Гаспадыня папярэджвае, што фларыстычнае хобі нятаннае.
— Нават муж (ужо некалькі гадоў прайшло, як яго не стала) не ведаў, колькі грошай я на сваё захапленне траціла! — усміхаецца жанчына. — Пазней, праўда, знайшла спосаб эканоміць.
У Надзеі Іванаўны цудоўна атрымліваецца размнажаць сваіх зялёных гадаванцаў. Вазонамі з укаранёнымі раслінамі яна абменьваецца з такімі ж аматарамі альбо прадае на базары, а за выручаныя грошы купляе тыя, якіх у яе яшчэ няма.
Як вынік — сёння на сядзібе Надзеі Моцька быццам у батанічным садзе. Тут ёсць розныя гатункі лілеяў (сярод якіх і вадзяныя), вейгелаў, флоксаў, ружаў, ірысаў, язміну, півонь, фарзіцыі, а яшчэ — гіпсафіла, лунарыя, лаванда, асцільба, клемацісы, барбарыс, японская спірэя, міндаль…
— А вось гэты лісцік разатрыце пальцамі і панюхайце, — прапаноўвае жанчына. — Здагадаліся, што гэта?
Пах вельмі знаёмы: аказваецца, гэта бергамот. Так мы даведаліся, як выглядае расліна, якой араматызаваны некаторыя гатункі чаю.
Малыя архітэктурныя формы і дэкаратыўныя фігуркі на ўчастку — гэта ўжо справа рук Дзмітрыя, сына Надзеі Іванаўны.
Нягледзячы на вялікую гаспадарку (у ёй налічвалася дзве каровы, некалькі свіней, гусі, качкі), якую трымалі Моцькі, жанчына заўсёды вылучала час для навядзення прыгажосці каля дома. Сёння, калі яна ўжо на заслужаным адпачынку, яшчэ з большай ахвотай займаецца справай, вынікі якой так радуюць вока не толькі гаспадыні, але і навакольных.
Марына Вакульская. Фота Кацярыны Масік.