Што заўсёды жадаюць хлопцам падчас урачыстых праводзінаў на тэрміновую армейскую службу? Быць годнымі пераемнікамі папярэдніх пакаленняў абаронцаў Айчыны. З гонарам выконваць пачэсны абавязак. Вярнуцца пасля службы памужнелымі, пасталелымі, сапраўднымі мужчынамі.
Вось яно ключавое слова: вярнуцца! Адпраўляючы сыноў, братоў, сяброў, каханых насустрач ратным подзвігам, мы марым, што ніколі ім не давядзецца здзяйсняць гэтыя подзвігі ў рэальных баявых умовах.
Але мір такі крохкі…
У фондах Амурскага краязнаўчага музея Расійскай Федэрацыі захоўваецца пранікнёная гісторыя кахання – пісьмы, якія вайсковец тэрміновай службы Васіль Болатаў дасылаў сваёй дзяўчыне ў горад Молатаў (цяперашняя Перм). Чым яны зацікавілі? Тым, што напачатку пэўнай часткі лістоў пазначана месцазнаходжанне аўтара: г. Пружаны.

Апошні ліст з такой пазнакай датаваны 25 мая 1941 года.
Служыў, дарэчы, юнак не ў саміх Пружанах, а ў Слабудцы, у 32-й танкавай брыгадзе, якая дыслакавалася тут з верасня 1939 года, а ў сакавіку 1941-га была перафарміравана ў 30-ю танкавую дывізію. Спачатку адрас гучаў так: БССР, Брэсцкая вобл., г. Пружаны, паштовае аддзяленне Слабодка, 32 мтбр, 147 адтб. Затым: г. Пружаны Брэсцкай вобл., п/а Кашарка, п/с 7 літар 7).
07.09.1940 г.
Добры дзень, мая дзяўчынка!
Атрымаў учора ад цябе 2 лісты. Яны напісаны яшчэ на стары адрас, але ўсё ж дайшлі, бо ўся пошта з Беластока перасылаецца сюды. Як бачыш, я ў Пружанах. Самы што ні ёсць паршывы гарадок. Але і ад яго стаім за 6 км. У самаволку ўжо не сыдзеш. Прыехаў сюды 1-га. Уладкаваліся нармальна. Але работы пакуль, натуральна, шмат. Таму дагэтуль не пісаў. Ты вось мяне папракаеш, што рэдка пішу, але ж я адказваю на кожны твой ліст. Так што я вінаваты столькі ж, колькі і ты. Пішы часцей, і я буду ўвесь свой вольны час марнаваць на тое, каб пісаць табе адказы…
…Ну, што мне рабіць з табой? Як я табе пашлю фотакартку, калі ў мяне яе няма. Бо я ўжо пісаў, што не здолеў сфатаграфавацца. Няўжо ты мне не верыш? А ў гэтых Пружанах і зусім надзеі на фатаграфаванне няма. Давядзецца трохі пачакаць, мая родная. Але я ўсё ж сфатаграфуюся, калі б гэта ні было, і ў цябе будзе мая фатаграфія ў фуражцы з зорачкай. Між іншым, галаву я не галю, а стрыгу. Вось!
Простыя і ў нечым наіўныя пісьмы, поўныя і хлапечай бравады, і смутку з-за немагчымасці сустрэцца з каханай, прыпраўленага кропляй рэўнасці. У той жа час можна прасачыць, што фізічна слабы аматар тэатра і класічнай музыкі паступова гартуецца, сталее. Іранізуе, што за два гады можа вывучыць мясцовую мову і потым яе выкладаць. Прызнаецца, што на занятках па гісторыі партыі ўвесь час кніжкі чытае, але здаў на «добра». Ганарыцца, што стаў камандзірам аддзялення…
02.10.1940 г.
У нас сёння свята: брыгада святкуе 8 гадоў свайго існавання, таму мы сёння не працавалі. Прыязджалі артысты, а таксама паказвалі кінакарціну «Вялікі вальс». Ой, Валечка, як гэта добра! А музыка!
Я ўсё спадзявалася, што знайду ў Васілёвых пісьмах больш падрабязныя апісанні тагачасных Пружан і Слабудкі, аповед пра саслужыўцаў і камандзіраў, але ён з ліста ў ліст марыў пра «глыбокае, як твае вочы, шчасце», пра магчымасць зноў пакаштаваць смак вуснаў каханай, удыхнуць пах яе валасоў…
І тут жа віншаванні з надыходзячым новым 1941 годам: «Спадзяюся, што ён стане годам вялікіх радасцяў і малюсенькіх засмучэнняў…»
12.01.1941 г.
Глядзеў «Музычную гісторыю». Гэта першая новая стужка, якую атрымалася паглядзець тут. Гэта так жа сама нязвыкла для нас, як для вас трапіць на прэм’еру ў Вялікі тэатр. У жудасным холадзе выседзеў два сеансы запар.
21.02.1941 г.
У лісце пішаш, што вырашыла зафіксаваць на фотаздымку свае 20 гадоў. Няпраўда, бо табе споўнілася не 20, а 21. Так, мы з табой ужо старыя. А што будзе, калі я прыйду з арміі? Нам, напэўна, тады нават цалавацца не захочацца. Але гэта потым, а зараз мне хочацца моцна-моцна цябе пацалаваць, зазірнуць у твае мілыя вочы.
Я ўдзельнічаў у кросе. Мы хадзілі на 10 км з поўнай выкладкай, г.зн., скатка, процівагаз, вінтоўка, падсумкі, фляжка. Ты ведаеш, крос паказаў, што, у параўнанні з «грамадзянкай», я даволі адужэў.
Нам давялося ісці ў няўдалы дзень. Бо тут ужо цёпла, ішоў дожджык. Лыжы абсалютна не слізгалі. Прытым на палетках даводзілася месцамі ісці амаль па голай зямлі.
Васіль паведамляе, што рыхтуецца стаць камандзірам запасу, але для гэтага трэба застацца на трэці год. А значыць, засталося ўсяго год і 8 месяцаў: «Прыйдзе лета, потым зіма, потым ізноў лета — і я прыеду дахаты».
28.04.1941 г.
Добры дзень, мая дарагая, мілая дзяўчынка! … Я табе паведамлю навіну (праўда, гэта прыемна не столькі для цябе, колькі для мяне). Я – палкавы бібліятэкар. Праўда, невядома, ці буду я начальнікам бібліятэкі ці проста бібліятэкарам, але дакладна тое, што я буду працаваць у бібліятэцы. Гэта праца, здаецца, па мне. Цяпер я прымаю бібліятэку. Працую з вялікай ахвотай, бо корпацца ў кнігах я вельмі люблю. Але работы шмат…
У нас тут, Валюша, холадна. Ідуць кожны дзень дажджы, бруд непралазны. А ў вас, напэўна, добра, я ж ведаю нашу вясну, яна не спяшаецца, але трымаецца моцна…
25.05.1941 г.
Ну, Валюшка, у нас заварушыліся. Ужо створаны групы па падрыхтоўцы іспытаў. Цяпер вось трэба яшчэ кожны дзень, уключаючы выхадны, хадзіць на заняткі. Словам, да 20 чэрвеня мы павінны будзем здаць іспыты. Потым справы сыдуць у НКА, калі здамо, вядома. Праходзяць там месяца паўтара. Потым будзем праходзіць стажыроўку на сярэдняга камандзіра. Ну, а ў верасні-кастрычніку маем шанец нават патрапіць дахаты. Гэта не так ужо доўга?
Ой, Валечка, а якія дні ў нас стаяць! Сонца, а ўначы зоркі і цёплы ціхі ветрык. Валечка, ці хутка я буду з табой?..
Мары трапіць дадому ў водпуск так і засталіся марамі. 22 чэрвеня 30-я танкавая дывізія пад камандаваннем палкоўніка Сямёна Багданава ўступіла ў жорсткія баі з гітлераўскімі захопнікамі.
Наступныя пісьмы Васіля Болатава ляцелі да каханай з перадавой.
12.11.1941 г.
Пішу ўжо ў пяты раз, не ведаю, ці будзе магчымасць перадаць табе гэту цыдулку. Цяпер раніца, а што нам рыхтуе дзень? За гэтыя бурныя чатыры месяцы перад маімі вачамі прайшло столькі новых твараў, карцін, што мне нейкім далёкім здаецца той час, калі я з Пружан мог пісаць табе: «хутка ўбачымся». Не ўбачымся! Але нічога, можа быць, калі-небудзь зімовымі вечарамі я яшчэ буду распавядаць табе пра тое, як я, седзячы ў сырой зямлянцы, брудны і зарослы, марыў пра цябе, пра нашу сустрэчу, пра тэатр. Як у цябе з гістарычнай геалогіяй?..

Васіль Болатаў загінуў у 1943 годзе пад Сталінградам. Яго каханая дзяўчына Валянціна Бурылава захавала ў сэрцы памяць пра першае глыбокае пачуццё, а шмат гадоў пасля перадала дарагія пісьмы і іншыя дакументы ў фонды краязнаўчага музея ў г.Амур Хабараўскага краю.
Так захавалася гісторыя кахання, а разам з ёй мы даведаліся яшчэ пра аднаго салдата, для якога вайна пачалася на пружанскай зямлі…
Ірына Сядова. Фота з сайта proamursk.ru/history/22