Воскресенье, 6 октября 2024

Піша вершы, спявае, танцуе і марыць стаць філолагам адзінаццацікласніца Хараўской СШ Святлана Белаш

431

Не першы год у Хараўской школе наладжана выдатная выхаваўчая работа, а вучні гэтай установы традыцыйна займаюць прызавыя месцы ў разнастайных творчых конкурсах. Менавіта Хараўская СШ з’яўляецца альма-матар таленавітай адзінаццацікласніцы Святланы Белаш.

Худзенькая, крыху сціплая і вельмі абаяльная дзяўчына выдатна танцуе, пранікліва спявае і піша змястоўныя вершы (невыпадкова мы сустрэліся напярэдадні Сусветнага дня паэзіі, які адзначаўся 21 сакавіка).

— Першая проба пяра была даволі незвычайнай. Тры гады таму, у летнюю нудную ноч мы з пляменнікам і сястрой не ведалі, чым сябе заняць. І вырашылі напісаць верш. Тэму падабралі актуальную — каханне, — усміхаецца Святлана. — Так мой першы «твор» нарадзіўся дзякуючы калектыўным намаганням. Але калі для маіх сваякоў гэты занятак быў проста жартам, то ўнутры мяне нешта скалыхнулася…

Зараз у скарбонцы дзяўчыны больш за 50 вершаў. Некаторыя з іх яна выкладае на сваіх сацыяльных старонках у месенджарах, дзе атрымлівае ўхваленне з боку падпісчыкаў.

— Маім галоўным рэцэнзентам з’яўляецца сястра Ганна. Менавіта яна і пераканала ў тым, што мне хопіць «пісаць у стол», падштурхнула дзяліцца сваёй творчасцю з іншымі. Так, аднойчы я прачытала свой верш на ўроку рускай літаратуры, і слухачы не паверылі ў маё аўтарства, — чырванее адзінаццацікласніца.

Натхненне прыходзіць раптоўна і, як правіла, ноччу. Часта Святлана піша пад музыку. Афарбоўка верша залежыць ад настрою песень: спакойныя мелодыі нараджаюць лірычныя радкі, больш агрэсіўныя выклікаюць дзёрзкую музу.

Між іншым, дзяўчынка з маленства была схільная да творчасці (магчыма, артыстычныя задаткі перадаліся ад матулі, якая добра спявае). У шэсць год яна пачала займацца вакалам у Калядзіцкім СДК. Загадчыца ўстановы і педагог Светы Алена Сівачэнка адразу разгледзела творчыя здольнасці малой. А ў хуткім часе дзяўчынка стала вучыцца танцаваць. Адзінаццацікласніца кажа, што менавіта з Домам культуры звязана шмат яскравых уражанняў.

Так, на пачатку сакавіка Святлана ў складзе творчага калектыву, які працуе на базе Калядзіцкага СДК, прыняла ўдзел у адкрыцці выставы «Брэстчына этнаграфічная: Пружанска-Камянецкі край».

— Дэманструючы аўтэнтычныя беларускія абрады падчас тэатралізаванай замалёўкі «Калаўрот жыцця», я пагрузілася ў мінулае, пражыла дзень жыццём сваіх продкаў. Наш фальклор сапраўды неверагодны, — кажа дзяўчына.

Пра разнастайныя дасягненні адзінаццацікласніцы сведчаць шматлікія граматы, падзячныя лісты. Ёсць у скарбонцы і дыплом Міністэрства адукацыі. Дзяўчына была адзначана прэстыжнай узнагародай як фіналіст рэспубліканскага адкрытага маладзёжнага конкурсу «Ад меркавання да светапогляду», які праводзіўся ў мінулым годзе на базе дзіцячага лагера «Зубраня».

Пры гэтым адзінаццацікласніца паспявае добра вучыцца, што адзначыла і дырэктар Хараўской школы Ніна Сідарук.

— Актыўная жыццёвая пазіцыя Святланы Белаш дазваляе паспяваць многае: рыхтавацца да выпускных іспытаў, наведваць аб’яднанне па інтарэсах «Нябесны крок» пры Калядзіцкім СДК, знаходзіць час для творчасці — напісання вершаў, у якіх яна адлюстроўвае свой унутраны стан. Хочацца пажадаць Святлане невычэрпнай энергіі, паспяховага паступлення і лёгкай вучобы ва ўніверсітэце, які яна абрала, — сказала Ніна Міхайлаўна.

Да слова, дзяўчына плануе паступаць на філалагічны факультэт і ў будучым бачыць сабе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

— Раней я марыла хутчэй надзець ленту выпускніка, цяпер жа хочацца адцягнуць гэты момант, — дзеліцца адзінаццацікласніца. — Зараз я проста прыкладаю ўсе намаганні для паспяховага старту ў дарослае жыццё, працую над сабой. Мяне акружаюць вельмі таленавітыя, творчыя людзі, усё вакол літаральна гарыць творчасцю. Спадзяюся, што і далей лёс павядзе мяне ў адпаведным накірунку.

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік

Ад рэдакцыі. З творчасцю Святланы Белаш вы зможаце пазнаёміцца ў бліжэйшы час на нашай паэтычнай старонцы «Натхненне».