
80-годдзе Вялікай Перамогі — гэта не проста памятная дата ў календары, але і пасланне ад тых, хто змагаўся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, стаў сведкам жудасных падзей таго часу, да нас, нашчадкаў. Адзін з галоўных абавязкаў сучаснага пакалення — захаванне памяці, імкненне данесці да ўсяго чалавецтва той боль, які адчулі людзі ў часы нямецкай акупацыі. Частка гэтага болю — лёсы вязняў яўрэйскага гета, што размяшчалася ў Пружанах з восені 1941 па студзень 1943 года. Колькі чалавек прайшлі праз яго пакуты, загінулі на месцы або трапілі ў газавыя камеры Асвенціма, дакладна невядома: называюцца лічбы ад 10 да 20 тысяч. Сапраўды, у пружанскае гета звозілі і жыхароў іншых мясцовасцей. Выжыць удалося нямногім. Адным з тых, хто прайшоў праз усе кругі пекла і застаўся ў жывых, быў Піліп Райтман.
Піліп Райтман нарадзіўся ў мястэчку Шарашоў, быў адным з васьмі дзяцей у вялікай яўрэйскай сям’і. Восенню 1941 года юнак і яго сям’я разам з тысячамі іншых прадстаўнікоў яўрэйскай нацыянальнасці былі прымусова вывезены ў Пружанскае гета.
Вось як успамінаў пра гэта П. Райтман у сваёй кнізе «Мільён душ»: «У дзве або тры гадзіны ночы я пачуў стук у нашы дзверы. Я пайшоў, каб адкрыць, таму што спаў бліжэй да ўваходу. Мае браты, верагодна, не чулі першы стук. Але шум разбудзіў сям’ю. Усім было цікава, што адбываецца. Калі дзверы адчыніліся, мы ўбачылі нацыста з пісталетам, які крычаў: «Пайшлі адсюль, праклятыя яўрэі!.. Нам давялося ісці пешшу разам з трыма тысячамі чалавек… Больш мы ніколі не ўбачылі свайго дома… Каля пяцісот чалавек былі забіты на гэтым шляху».
У пружанскім гета сям’я Райтманаў была вымушана жыць у доміку памерам 10 на 12 метраў разам з дзвюма іншымі сем’ямі. «Людзі галадалі, елі вараную траву або ўсё, што маглі знайсці»,— узгадваў Піліп Райтман пра ўмовы ўтрымання там. Адзін са зняволеных сказаў ахоўніку, што Піліп па прафесіі з’яўляецца слесарам. Акупантам патрэбны былі спецыялісты. Пазней гэта выратавала Піліпу жыццё.
Зiмой з 1942 на 1943 год праз чыгуначную станцыю Аранчыцы сям’я Райтманаў была адпраўлена на цягніку з дзесяццю тысячамі чалавек у Аўшвіц-Біркенау (Асвенцім). Бацькі, бабулі і дзядулі, пяцёра братоў і дзве сястры, дзевяць цётак і дзядзькаў, а таксама многія іншыя сваякі Піліпа былі забіты ў газавых камерах. Сам Піліп трапіў на прымусовыя работы. На яго перадплеччы з’явілася наколка з асабістым ідэнтыфікацыйным нумарам — 98 706. Гэтыя лічбы Райтман памятаў усё сваё жыццё.
Пасля Асвенціма наш зямляк пабываў у Заксенхаўзене, Араніенбургу, Дахау. А потым быў вывезены ў Ландсберг. У гэтых канцэнтрацыйных лагерах працаваў рознарабочым.
Пасля вызвалення ў 1945 годзе Райтман пакінуў Еўропу і апынуўся ў Паўночнай Амерыцы. Спачатку жыў у ЗША, пачаў працаваць у якасці звычайнага разносчыка «ад дзвярэй да дзвярэй». А падчас наведвання Манрэалю (Канада) сустрэў сваю палавінку, ажаніўся. У Канадзе Райтман застаўся да канца свайго жыцця, стварыў паспяховую гандлёвую кампанію. Тут нарадзіліся два яго сыны.
Больш за 40 гадоў Піліп Райтман нікому не расказваў пра тое, што перажыў падчас Халакосту. Аднак у Заходняй Еўропе і ЗША надышоў час, калі актыўна спрабавалі перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай вайны, прыніжалі жахі Халакосту. І былы вязень пружанскага гета не змог змаўчаць…
У 1989 годзе ён упершыню паведаміў сваю гісторыю ў школе ў г. Санкт-Стэфан (Канада), распавёў пра прапаганду хлусні адносна Халакосту. У той час ужо распаўсюджваліся непраўдзівыя звесткі, свярджалася, што фашыстамі не было знішчана такая колькасць людзей, падвяргалася сумненню лічба ў 6 мільёнаў закатаваных яўрэяў. Райтман расказваў праўду ад імя тых вязняў, якія не дажылі да мірнага часу.
Больш за 20 гадоў Піліп Райтман дзяліўся сваімі ўспамінамі, як сведка жудасных падзей, выступаў перад моладдзю ў школах, цэрквах, універсітэтах і бізнес-прадпрыемствах па ўсёй Канадзе і Злучаных Штатах. Падчас такіх сустрэч заўсёды паўтараў: «Вы не ведаеце, што такое голад. Вы не ведаеце, што такое страх. Спадзяюся, што вы ніколі гэтага не адчуеце…».
За свой уклад у справу міру ён быў удастоены ганаровай падзякі ад некалькіх універсітэтаў, а таксама ўзнагароджаны ордэнам Новай Шатландыі ў Канадзе. У 2010 годзе напісаў кнігу «Мільёны душ: гісторыя Піліпа Райтмана». Таксама зняўся ў дакументальным фільме пад назвай «Сувязь з Асвенцімам».
Памёр Райтман 8 жніўня 2018 года ва ўзросце 96 гадоў у канадскім г. Галіфакс.
Наш зямляк з’яўляецца прыкладам мужнасці і адвагі. Нягледзячы на тое, што многія ў ЗША і Заходняй Еўропе ажыццяўлялі спробы апраўдаць зверствы нямецка-фашысцкіх акупантаў, ён няспынна вёў барацьбу за тое, каб данесці праўду да людзей.
Па ўспамінах жонкі, Піліп Райтман казаў наступнае, тым самым пакідаючы пасланне будучым пакаленням: «Лепш любіць, чым ненавідзець».
Дзмітрый Шульга, навуковы супрацоўнік ДУК «Музей-сядзіба Пружанскі палацык»