У невялічкім гарадку ў Мядзельскім раёне штогод збіраюцца тысячы паломнікаў. З розных кропак Беларусі яны ідуць пешшу, едуць на веласіпедзе, дабіраюцца аўтатранспартам, каб звярнуцца з самымі патаемнымі просьбамі да Маці Божай Будслаўскай — заступніцы Беларусі.
У накірунку Будслава 27 чэрвеня рушыла пілігрымка з Пружаншчыны. Акрамя маладых каталікоў з Ружанскага прыходу, у паломніцкай паездцы прынялі ўдзел вернікі з Шарашова і Пружан. Каб трапіць на ўрачыстыя мерапрыемствы, маладым людзям разам са святаром Ружанскага Траецкага касцёла ксяндзом Янушам Пулітам давялося пераадолець на веласіпедах каля 400 кіламетраў.
Дзясятак веласіпедыстаў-пілігрымаў атрымаў магчымасць не проста па-знаёміцца з Беларуссю, яе краявідамі і адметнасцямі (а маршрут ляжаў праз Навагрудак, Налібоцкую пушчу): сэнс такой вандроўкі ў першую чаргу сакральны — духоўныя разважанні і ўмацаванне веры.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ