Суббота, 15 марта 2025

«Піць ці не піць?», або Чым захапляецца наша моладзь

260

На жаль, алкаголь і падлетак — дрэнная кампанія і рэальная праблема. У сучасным свеце яна становіцца яшчэ больш маштабнай і складанай. Як з гэтым змагацца? Давайце разбірацца разам.

Праблема падлеткавага алкагалізму ўзнікла не сёння, не ўчора, нават не год таму. У большай ці ў меншай ступені яна існавала заўсёды і ў рэйтынгу самых складаных займала верхнія радкі. Гэта праблема не толькі бацькоў, навучальных устаноў, але і грамадства ў цэлым. Ды і нельга сказаць, што з ёй не змагаліся. Ва ўсе часы вялася мэтанакіраваная прафілактычная работа сярод школьнікаў і навучэнцаў. У нас таксама праходзілі тэматычныя факультатывы з супрацоўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх, і яшчэ на старых праектарах паказвалі слайды і ролікі на тэму п’янства сярод падлеткаў.

Мы ўсе былі юныя, выхаваныя ў правільным савецкім духу, і нам складана было зразумець, як гэта — выпіць перад школьным вечарам ці пайсці ў кіно падшафэ. Ці то стаўленне да жыцця было іншае, ці адказнасць за ўчынкі была вышэй, ды і мэты былі, мабыць, больш важкімі. Тады адзін перад адным мы мераліся сваімі поспехамі і дасягненнямі. Нехта займаўся ў музычнай школе, віртуозна граў на гітары, нехта пісаў вершы і спяваў на школьных дыскатэках, у іншых былі высокія планкі ў спорце, выступленні на міжнародных спаборніцтвах. Вось гэтым мы дзяліліся адзін з адным, выстаўляючы сябе напаказ у добрым сэнсе гэтага слова, і гэта было рэальна крута. Мы заўсёды перажывалі за бацькоў, і пакрыўдзіць іх сваімі ўчынкамі — было апошняй справай. Канешне, не ўсё выглядала такім ідэальным, але маштабы праблемы былі зусім іншыя.

Так, часы змяніліся, паняцці ўседаступнасці і ўсёдазволенасці ў падлеткавым асяроддзі амаль не маюць межаў, і гэта нягледзячы на вялізную выхаваўчую і прафілактычную работу, якая праводзіцца ў школах, сярод навучэнцаў каледжаў. Зараз існуе вялікае мноства мерапрыемстваў з удзелам моладзі. Месцаў для самавыяўлення таксама шмат: розныя гурткі, клубы па інтарэсах, спартыўныя аб’екты, басейны, стадыёны і г.д., створаны спецыяльныя пляцоўкі для правядзення вольнага часу і рэалізацыі свайго невычэрпнага патэнцыялу. Здавалася б, ёсць усе ўмовы для рэалізацыі свайго «я» і выхаду адрэналіну, але ж… Можна галаву зламаць, думаючы, чаго не хапае сучаснай моладзі. Маладыя людзі, якія выраслі ўжо ў новай дзяржаве, якія не ведалі часоў застою і перабудовы, пустых паліц у магазінах і перабояў з прадуктамі, так шмат сабе дазваляюць. Дык што ж добра на самай справе: калі ўсё ёсць ці калі трэба ўсяго дасягаць самому, прыкладаючы пэўныя намаганні? Статыстыка паказвае, што лепш — другое.

Згодна з Пастановай камісіі па справах непаўналетніх ад 10.07.2024 года аб стане падлеткавай злачыннасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, на тэрыторыі Пружанскага раёна па выніках 1-га паўгоддзя 2024 года супрацоўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх (ІСН) выяўлена 41 правапарушэнне, у мінулым годзе — 43. З іх 8 — з удзелам дарослых, якія распівалі спіртное з непаўналетнімі;

5 — з удзелам падлеткаў, якія распівалі алкагольныя напоі ў грамадскіх месцах або якія знаходзіліся ў грамадскіх месцах у п’яным выглядзе. Таксама выяўлены адзін выпадак рэалізацыі алкагольнай прадукцыі непаўналетнім. Супрацоўнікамі ІСН Пружанскага РАУС у адносінах да 31 падлетка праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

Мяркуючы па нязначных ваганнях у лічбах, гэтага таксама недастаткова. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года розніца ў паказчыках істотна не змянілася, па некаторых правапарушэннях стала нават вышэй. І зноў усё тое ж пытанне: што здарылася з нашым грамадствам, ці мы нешта робім не так? Дзе знайсці цудадзейны чып, каб дыстанцыйна ўжывіць у падлеткавы мозг і ён стаў думаць разумна? Я разумею так: любую хваробу лепш за ўсё папярэдзіць, чым потым доўга лячыць ды яшчэ з ускладненнямі. У першую чаргу зыходзіць трэба ад сям’і, а ўсе астатнія інстанцыі — гэта ўжо, скажам так, для ўзмацнення эфекту.

Кожны з бацькоў павінен разумець, што вылечыць алказалежнасць у дзяцей значна складаней, чым у дарослых. Далікатны дзіцячы арганізм не гатовы нават да малой дозы інтаксікацыі, а калі яна паўтараецца рэгулярна — гэта хутка пераходзіць у хваробу з наступным парушэннем работы ўнутраных органаў і дэградацыяй асобы. Як следства: пастаноўка на ўлік, заплямленая рэпутацыя з далейшымі праблемамі працаўладкавання. Мала каму потым удаецца цалкам лакалізаваць наступствы юнацкай «неразумнасці» — і кляймо застаецца на ўсё жыццё.

Што ў гэтым выпадку могуць зрабіць дарослыя? Як мінімум — сямейныя вячоркі з удзелам дзяцей не ператвараць у рытуал з распіццём моцных напояў. З цягам часу дзіця ўспрымае гэта як норму і асацыіруе з добрым настроем і весялосцю, як бы без спіртнога і пагаварыць няма пра што. Яшчэ горш, калі ў сям’і ўжо ёсць алкаголікі, і рызыка атрымаць такую спадчыну ад бацькоў неверагодна вялікая. Дзіцё адразу расце ў нездаровым асяроддзі, са скандаламі, крыкамі, агрэсіяй… Вядома, такія сем’і, як правіла, узяты на кантроль, бацькоў пазбаўляюць правоў, дзяцей адпраўляюць у прытулкі, але стрэс, атрыманы аднойчы, яны не забываюць ніколі. Ім увесь час даводзіцца паказваць бацькам-алкаголікам своеасаблівы пратэст на тое, што адбываецца вакол. У любым выпадку гэта страчаныя гады і скалечанае дзяцінства, калі кожны дзень прыходзіцца сутыкацца з неразуменнем з боку блізкіх людзей і чакаць цуда, што гэта калі-небудзь скончыцца і ў сям’і запануе мір і парадак. Таму толькі сям’я, як першакрыніца ў жыцці дзіцяці, яркі прыклад для пераймання, можа вырасціць у ім чалавека або знішчыць яго, як асобу. Тут ёсць аб чым падумаць…

Цяпер мы жывём у такім свеце, дзе лёгка і проста здабыць любую інфармацыю, варта зайсці ў пошукавую сістэму, там усё есць, але, відаць, і гэтага мала. Прафілактыка п’янства — гэта не проста візуальны пасыл і бясконцыя размовы, з якіх усяго 20 працэнтаў засвойвае наш мозг. Толькі на канкрэтных прыкладах, пажадана з жыцця блізкага асяроддзя, можна данесці да дзіцяці галоўную сутнасць праблемы і яе наступстваў. Як паказала практыка, у гэтым выпадку разуменне прыходзіць намнога хутчэй.

Сацыяльныя сеткі маюць і адмоўны бок у жыцці падлеткаў, калі на іх нетрывалую псіхіку звальваецца велізарны паток рознага роду інфармацыі. Мы бачым фота і відэа п’яных «зорак», крутыя тусоўкі са спіртным, раскошнае жыццё вядомых людзей, якое хочацца пераймаць. Такое адчуванне, што піць моцныя напоі, смаліць і ўжываць забароненыя рэчывы сярод падлеткаў лічыцца нечым модным. Такім чынам яны паказваюць сваю «крутасць», каб неяк вылучыцца і стаць больш прыкметнымі ў натоўпе. Прычым дэманстрацыя «даросласці» адбываецца не толькі перад аднагодкамі, але і перад прадстаўнікамі супрацьлеглага полу, часцяком на спрэчку. І тут зноў жа ўсё ідзе ад сям’і. Калі падлетак заняты не толькі вучобай, а наведвае розныя секцыі і гурткі, бацькі ва ўсім падтрымліваюць сваё дзіця, то часу на вольнае баўленне часу ў інтэрнэце будзе зусім мала. Бацькам варта чуць сваіх дзяцей, заўсёды ўлічваць іх меркаванні. Важна ведаць, чым яны захоплены, з кім сябруюць, якія сацыяльныя сеткі наведваюць, якія ставяць мэты, і максімальна падтрымліваць іх пачынанні. Калі дзеці бачаць пастаянны ўдзел бацькоў у іх жыцці, цікавасць і жаданне выслухаць, дапамагчы, а не адхіліць, адштурхнуць, то і вынік такіх зносін не будзе марным.

Разглядзеўшы вынікі падлеткавай злачыннасці за студзень-чэрвень бягучага года, у мэтах актывізацыі работы па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх камісія пастанавіла: забяспечыць у верасні-кастрычніку правядзенне ва ўстановах адукацыі раёна мерапрыемстваў з навучэнцамі і іх бацькамі па пытаннях адказнасці за ўжыванне алкаголю; у жніўні правесці стрым, звязаны са злоўжываннем алкагольных напояў, са спецыяльнай навучальна- (лячэбна-) выхаваўчай установай; у снежні правесці дэкады прававых ведаў пад дэвізам: «Жыць без алкаголю — ЗДОРАВА!».

Я лічу, што самая галоўная мера прафілактыкі алкага-лізму сярод падлеткаў — бацькоўскі прыклад. Калі дарослыя забараняюць піць спіртныя напоі толькі на словах, а самі злоўжываюць імі, то рана ці позна дзіця абвінаваціць іх у падвойных стандартах і пачне паступаць гэтак жа. І таму пытанне: «Чаму так здарылася ў іх жыцці?» — бацькі будуць задаваць самі сабе.

У фінале сваіх разваг успамінаюцца радкі з маналога Гамлета: «Быть или не быть —вот в чем вопрос». І ён напрамую адносіцца да нашай тэмы. Адказ на яго ў першую чаргу павінны шукаць дарослыя. Гэта штодзённая ўпартая праца над сабой, але яна варта ўсіх намаганняў, калі ў сталым узросце мы бачым станоўчы вынік.

Яшчэ раз падкрэсліваю: калі бацькі прарочаць дзецям стабільную будучыню, ім важна перагледзець сваё стаўленне да алкаголю, праявіць больш увагі да сваіх дзяцей. Трэба адкласці штодзённыя клопаты, арганізаваць сумесны адпачынак, выезды на прыроду, паходы ў тэатр і на футбол, увогуле стаць для іх блізкім сябрам і падзяляць іх інтарэсы. Калі падлеткі будуць увесь час бачыць вакол сябе пазітыўных, шчаслівых і, што галоўнае, цвярозых людзей, верагоднасць развіцця алкагалізму звядзецца да мінімуму. Задумайцеся: як вы выхоўваеце свайго сына або дачку?

Ірына Велясевіч