Среда, 30 апреля 2025

Песню, смех і радасць дорыць жыхарам аграгарадка і навакольных вёсак загадчыца Калазубскага СКБ Святлана Кульба

367

Перад загадчыцай Калазубскага клуба-бібліятэкі Святланай Кульбой стаіць важная штодзённая задача: як зрабіць культурнае жыццё ў аграгарадку насычаным? І жанчына спраўляецца.

Вось ужо шмат гадоў яна выяўляе таленты сярод мясцовых жыхароў, каб тыя пад яе пільным кіраўніцтвам выступалі вялікім культурным «фронтам». Адкуль з‘явілася ў жанчыны такая прага да культурна-масавай работы?

Святлана Кульба.

— З дзяцінства! Я была актыўнай удзельніцай самадзейнасці заўсёды, пачынаючы з першых класаў школы. Казала бацькам: «Буду артысткай!». Тата падтрымліваў без агаворак, мама з некаторымі ўмовамі, маўляў, будзеш, толькі спачатку атрымаеш патрэбную ў жыцці спецыяльнасць, — распавядае ўраджэнка в. Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна.

Спецыяльнасць бухгалтара Святлана атрымала ў Столінскім аграрна-эканамічным тэхнікуме, пасля заканчэння якога ў 1987 г. прыехала па накіраванні на малую радзіму мамы, на Пружаншчыну. У Калазубах неўзабаве выйшла замуж і «затрымалася».

— Працавала ў бухгалтэрыі гаспадаркі, але свае культурныя «замашкі» не закінула, – смяецца жанчына. — З лёгкай рукі тагачаснага кіраўніка клуба брала ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах. Памятаю, пройдзе канцэрт, а я ўжо мару аб наступным свяце. Добра, муж заўсёды падтрымліваў, ды і сам прымаў і працягвае прымаць непасрэдны ўдзел у канцэртах.

Перайсці з фінансавай сферы ў культурную Святлане Аляксандраўне прапаноўваў яшчэ тагачасны начальнік аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Юрый Котаў, але жанчына доўга сумнявалася. «Хто, як не ты!» — пераконвала, ідучы на пенсію, і мясцовы бібліятэкар Вера Пухнарэвіч. «Зоркі сышліся» — і Святлана Кульба ўзначаліла мясцовы клуб.

Жанчына зрабіла ўсё, каб дзіцячыя ўспаміны большасці выхадцаў вёскі былі звязаны не толькі са школай, але і з яе ўстановай. Так і атрымалася. Маладыя людзі, калі прыязджаюць цяпер з розных куткоў краіны на Бацькаўшчыну, заўсёды ўспамінаюць, як пад кіраўніцтвам Святланы Аляксандраўны «запальвалі» на сцэне.

— У нашай самадзейнасці і сёння ўдзельнічаюць дзеці і моладзь не толькі з Калазубаў. Нас падтрымліваюць Варанілавічы, Кавалі, Еськаўцы, Ласасін, Далкі і нават Ружаны. З канцэртамі ездзім па ўсёй акрузе. Усюды наш калектыў сустракаюць вельмі цёпла, з любоўю. Я вельмі ўдзячна нашым людзям за падтрымку і жаданне жыць са святам у душы, — прызнаецца Святлана, якую калегі называюць жанчынай-«агеньчыкам».

Так і ёсць, песні з рэпертуару славутых артыстаў у выкананні нашай гераіні гучаць на канцэртах з асаблівым імпэтам і гарэннем душы. З такім настроем і самааддачай, дарэчы, яна робіць усё, за што бярэцца.

— Я, як і большасць маіх калег, аддана працую, нягледзячы на невысокую зарплату, не чакаю падзяк, проста іду па закліку душы, каб людзям весялей жылося, — прызнаецца Святлана.

Менавіта для гэтага ў Калазубскім СКБ праводзяцца мерапрыемствы рознай накіраванасці. Гэта святочныя праграмы да каляндарных і юбілейных дат, канцэрты, танцавальна-забаўляльныя праграмы для дзяцей і моладзі, літаратурна-музычныя вечары, святы на вуліцы, тэматычныя вечары і прафесійныя святы, віншаванні на даму. Вядзецца актыўная работа па патрыятычным выхаванні і далучэнні да здаровага ладу жыцця.

Да ўсіх вялікіх свят рыхтуецца цэлая комплексная святочная праграма, якая ўключае не толькі канцэрт, але і выставы, мерапрыемствы для дзяцей, сустрэчы, забаўляльныя праграмы.

Вялікая ўвага ўдзяляецца правядзенню народных свят і абрадаў, у якіх удзел прымаюць як дарослыя, так і дзеці.

Сёння ў Калазубскім СКБ працуюць тры клубныя фарміраванні: гурток сольных спеваў, клубы па інтарэсах «Карусель ідэй» для дзяцей і «Майстэрня добрага настрою» для дарослых.

— Плануем стварыць этнаграфічны куточак, каб прывіваць дзецям любоў да народнай культуры. А галоўны наш клопат — ствараць яркія падзеі, дарыць людзям добрыя пачуцці і… сюрпрызы. Аднойчы да 8 Сакавіка мы нарыхтавалі загадзя вербалоз, потым, калі «коцікі» распушыліся, да кожнай галінкі прычапілі кветачку з пажаданнямі і абвілі каляровай стужачкай. Нашы жанчыны былі прыемна ўражаны такім букецікам, як і канцэртам, наладжаным намаганнямі адных мужчын. Акрамя таго, я арганізавала відэаролік з віншаваннямі для мясцовых жанчын ад кіраўніцтва райвыканкама і іншых начальнікаў. Ніхто такога не чакаў! — смяецца Святлана Кульба.

Калазубскі СКБ.

Ствараць на годным узроўні святы ў аграгарадку ёй дапамагаюць мясцовая гаспадарка і школа.

— Узяць, да прыкладу, святкаванне Новага года. У нас тут быў ранішнік, як у добрыя савецкія часы. Паглядзіце толькі на фотаздымкі: колькі дзяцей — і ўсе ў маскарадных касцюмах! Дзе вы яшчэ такое ўбачыце? – шчыра пытаецца жанчына, і ад яе слоў душу накрывае нейкая пяшчотная хваля ўспамінаў.

— І так усе святы! Нядзіўна, што дзеці ад нас і сыходзіць не хочуць, — кажа Святлана Аляксандраўна, якая, між іншым, выгадавала дваіх уласных дзяцей. Дачка жыве ў Брэсце, сын – у Пружанах, абодва вельмі таленавітыя і крэатыўныя асобы, падобныя на бацькоў.

— Я са сваімі калегамі і аднадумцамі імкнуся жыць пад дэвізам «Песню, смех і радасць дорым людзям». Не ведаю, як будзе далей, але пакуль атрымліваецца ствараць свята.

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік