Калісьці амаль у кожнай вёсачцы быў Дом культуры ці клуб – месца, дзе вяскоўцы маглі адпачыць, патанцаваць, сустрэцца з суседзямі і нават абмеркаваць свае праблемы. На жаль, многія вёскі пусцеюць, там застаецца мала жыхароў, адпаведна, зачыняюцца і клубныя ўстановы. Тым не менш, на сённяшні дзень у нашым раёне налічваецца дваццаць два сельскія Дамы культуры. Адзін з іх — у аграгарадку Лінова.
Яго гісторыя пачыналася з невялікага клуба (будынак гэты стаіць і зараз ля мясцовай аптэкі). Але больш 25 гадоў таму ў жыцці ліноўскіх культработнікаў адбылася значная падзея: у лютым 1991-га калектыў пераехаў у новае памяшканне.
Сёння ў Ліноўскім СДК сабраўся калектыў адданых справе людзей. Ім далёка не абыякава, якім будзе культурнае жыццё сельсавета: культработнікі, кіраўнікі гурткоў і аб’яднанняў па інтарэсах, удзельнікі мастацкай самадзейнасці. Дырэктар Сяргей Васільевіч Швед узначаліў Дом культуры ў 1988 годзе і працуе па сённяшні дзень.
Для дзяцей і моладзі тут знаходзіцца нямала цікавых заняткаў: працуюць гурток сольных спеваў “Фантазёры” і эстрадная студыя “Вясёлка” пад кіраўніцтвам Святланы Дудзінскай, вакальная група “Sky” (кіраўнік Вераніка Буцько), дзіцячы клуб “Церамок” і гурток “Магічны сувенір”, якімі кіруе Юлія Гардзіеўская, а таксама танцавальны калектыў “Break-dance” пад кіраўніцтвам Віталія Хільковіча.
Што тычыцца дарослых аматараў паспяваць, то для іх стварылі вакальныя групы “Вечарынка” і “Мара” і нават гурток сямейных вакальна-эстрадных спеваў “Дуэт”. Аматараў тэатральнага мастацтва чакаюць на занятках тэатра мініяцюр “Свая гульня”. А яшчэ ў Ліноўскім СДК вучаць гуляць у більярд.
На другім паверсе Дома культуры працуе бібліятэка. Чытачоў абслугоўваюць бібліятэкар Наталля Сяргееўна Паўлюковіч і загадчыца Алена Мікалаеўна Антончык.
З загадчыцай паразмаўляць мне не давялося: у гэты дзень яна знаходзілася ў суседніх Аранчыцах, дзе бібліятэка зачыняецца, а кніжны фонд размяркоўваецца па іншых установах. Што ж, напэўна, варта чакаць, што колькасць чытачоў Ліноўскай бібліятэкі павялічыцца. Але мне расказалі, што і цяпер у кніжным фондзе Ліноўскай бібліятэкі больш 18 тысяч кніг, а наведваюць яе 850 чытачоў.
На палічках і сценах бібліятэкі месцяцца розныя вырабы, зробленыя наведвальнікамі — своеасаблівыя невялікія выставы. Мне спадабаліся вырабы з бісеру Любові Ліхарай.
Безумоўна, дзякуючы намаганням работнікаў і удзельнікаў самадзейнасці Ліноўскага Дома культуры, якія ладзяць розныя канцэрты, святы і конкурсы, культурнае жыццё не толькі вёскі, але і сельсавета становіцца больш яркім і насычаным. Правялі сёлета нават конкурс прыгажосці сярод шасцікласніц мясцовай школы “Міс Ліновачка”. Цікава, што конкурс прайшоў у адзін дзень з конкурсам “Міс Пружаны” – 15 мая. Напэўна, запомніліся жыхарам вёскі таксама кірмаш здароўя і святкаванне Масленіцы, свята вёскі Лінова і вечар духоўных песнапенняў.
Адной з форм работы Дома культуры з’яўляюцца выязныя канцэрты для жыхароў аддаленых вёсак. Падобная практыка стала пастаяннай. Разам з культработнікамі напрыканцы ліпеня мне давялося пабываць у Варотным і Млынку. Сюды выехалі ўдзельніцы вакальнай групы аўтаклуба “Шчырым сэрцам” Вольга Сазонава, Святлана Дудзінская і Люцына Хільковіч на чале з кіраўніком Святланай Карповіч, а таксама Людміла Бакуманава — салістка гуртка вакальна-эстрадных спеваў “Мара” пад кіраўніцтвам дырэктара Сяргея Шведа — і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Арцём Валуйскі і Аляксандр Амельянчук.
Такім чынам, першай кропкай нашага маршрута стала вёска Варотнае. Дарога да яе, прызнаюся, здалася вельмі кароткай, бо артысты ўвесь час, скажам так, “разміналіся” – спявалі і жартавалі.
Вось і ўказальнік з назвай вёскі. Праязджаем каля адной даволі дагледжанай хаткі. І раптам… “Тут жыве мая бабуля! — усміхаецца Святлана Дудзінская. – Напэўна, зараз прыйдзе на канцэрт!”
Месца для канцэрта выбірае Святлана Карповіч. Ля адной з хат — лавачка. Вырашаем, што тут зручна будзе сесці бабулям. Пачуўшы гукі музыкі, падбягаюць дзеці, падыходзяць людзі розных узростаў. Сапраўды, прыйшла і бабуля Святланы.
Задушэўныя і вясёлыя, лірычныя і жартаўлівыя песні, якія гучалі ў гэты дзень, гледачы сустракалі шчырымі апладысментамі. А некаторыя нават не змаглі ўтрымацца і пускаліся ў скокі.
Пасля канцэрта размаўляю з мясцовымі бабулямі Нінай Аляксееўнай і Тамарай Канстанцінаўнай. І пасля іх аповядаў разумею, чаму такім святам стала гэтае выступленне для іх: клуб, які некалі існаваў тут, зачынілі, і падобныя канцэрты — магчымасць пачуць не па тэлевізары, а «ўжывую» любімыя песні. “Такія канцэрты – гэта проста шчасце для нас! Вы вельмі добра спяваеце! Дзякуй, што парадавалі нас! Прыязджайце часцей!” – кажуць людзі.
Напэўна, і зносін ім крыху не хапае, хаця на жыццё не скардзяцца. Ды і вёска не надта маленькая, усяго тут пражывае 67 чалавек, амаль трэцяя частка — дзеці…
Няглядзячы на тое, што пачаўся дождж, настрой ён нікому не сапсаваў.
Наш аўтобус імчыць у Млынок. Вось гэтая вёсачка, сапраўды, не толькі аддаленая, але і маланаселеная — тут сёння жыве толькі восем чалавек. Едзем праз лес, міма чарнічных і сунічных палянак, грыбных мясцін.
Але дождж узмацняецца, канцэрт трэба адмяняць! Ды толькі аказалася, што для культработнікаў з Лінова і надвор‘е — не перашкода. Было вырашана “ісці ў народ” – заходзіць да жыхароў вёскі прама дамоў.
Соф’я Канстанцінаўна Паўзун сустрэла нас з радасцю. Насустрач выбег і яе гадаванец – сабачка Кузя. “Я нават і не ведала, хто гэта да мяне прыйшоў! Думала, што суседка”, — кажа яна.
Прыкмячаем у доме прыгожую вышыванку. Аказваецца, гэта яе работа. Бабуля, якой у гэтым годзе споўніцца 86 гадоў, любоў да вышыўкі захавала на ўсё жыццё. Раней мясцовыя жанчыны вышывалі, сустракаючыся на вячорках у адной з хат. “А цяпер вось вячорак няма і людзей таксама, клуб даўно зачынены. Магазін таксама не працуе, прыязджае толькі аўталаўка”. Спевы Соф’я Канстанцінаўна слухае з задавальненнем, а на развітанне шчыра дзякуе артыстам.
А вось ад Антаніны Міхайлаўны і Канстанціна Мікалаевіча Кавалевічаў мы даведаліся, што вёска Млынок не заўсёды насіла такую назву. Канстанцін Мікалаевіч расказаў, што яго дзед браў шлюб у гэтай вёсцы ажно ў 1892 годзе і ў архіўных дакументах, якія адшукаў бацька Канстанціна Мікалаевіча, месца, дзе бралі шлюб маладыя, называлася Плясец.
Антаніна Мікалаеўна ўспомніла, што калісьці, яшчэ да ўтварэння калгаса, у вёсцы было каля 50 гаспадарак. Расказала, што ў мясцовым клубе некалі спявалі пад гармонік.
Цікава, што работнікі Ліноўскага СДК (і аўтаклуба таксама) падчас такіх канцэртаў і паездак не толькі спяваюць, а яшчэ і шукаюць колішнія песні — мясцовы фальклор. Адну з іх – “Цячэ рэчка каламутна” яны праспявалі Антаніне Мікалаеўне. “Ведаю такую”, — сказала яна амаль з пачатку песні і стала падпяваць. А пасля праспявала некалькі песень сваёй маладосці. І, канечне ж, адыходзячы, мы зрабілі фота на памяць.
Вось і завяршаецца гэты насычаны ўражаннямі дзень. Зноў сядаем у аўтобус. Вадзіцель Вячаслаў кагосьці адвязе назад у Лінова, кагосьці – у Слабудку і Пружаны. “Трэба абавязкова прыехаць сюды яшчэ, — чую размову дзвюх Святлан. — На дзень пажылога чалавека абавязкова штосьці трэба зрабіць, і прыехаць не з пустымі рукамі”…
Пытаюся ў артыстаў: “Стаміліся за сённяшні дзень?” Чую ў адказ: “Канечне ж не! Хутчэй наадварот. Ад такіх паездак, ды і ўвогуле ад нашай работы, зараджаешся добрым настроем і пачынаеш радавацца простай людской усмешцы. Ці гэта не шчасце?”
Уладзіслаў Шпарла