Пэўна, у кожнага чалавека ёсць сябры, якія асацыіруюцца з нейкай песняй. Кампазіцыя або раскрывае характар чалавека, або нагадвае пра прыемныя і запамінальныя моманты. З вядучым інжынерам ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Наталляй Феранец, як і з малочным прадпрыемствам у цэлым, асабіста ў мяне цяпер асацыіруецца кампазіцыя «Краіна малака». Песня пра тых, хто ўмее і любіць працаваць на карысць роднага краю. Песня, якая дапамагла нашаму малочнаму камбінату запомніцца і заваяваць гран-пры конкурсу «MILK FEST-2022».
Музыка засталася ў душы
З Наталляй Феранец мы дамовіліся сустрэцца на малочным камбінаце. Для вядучага інжынера па якасці прадпрыемства — не проста другі дом. Наталля падкрэслівае: калектыў — вялікая і дружная сям’я. І гэта не пустыя словы.
— Усё маё дзяцінства было звязана з музыкай. Сама родам з Ружан, там наведвала музычную школу, грала на скрыпцы і фартэпіяна. А яшчэ спявала ў школьным хоры, вакальнай студыі, хадзіла ў тэатральны гурток, — расказвае субяседніца.

Адразу шчыра прызнаецца: сябе ў дарослым жыцці бачыла толькі музыкантам. Але ў планы выпускніцы ўмяшалася матуля, якая вырашыла, што Інстытут культуры — не лепшы варыянт для дачкі. І Наташы давялося рыхтавацца да паступлення ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Зараз успамінае, што вучыцца там было цікава. Прайшоў час — і Наталля зноў апынулася ў родным раёне.
— Ніколькі аб гэтым не шкадую, — кажа яна. — Хто ведае, ці стала б я паспяховым выканаўцам ці музыкантам. А вось на Пружанскім малочным камбінаце знайшла тое, чаго часта не хапае многім з нас, — выдатны калектыў. З маімі калегамі не страшна, як кажуць, пайсці ў паход, распрацаваць новы від прадукцыі. Кожны з тых, хто працуе на «малочцы», — ад дырэктара да дворніка — робіць свой унёсак у развіццё прадпрыемства. Гэта мой надзейны тыл, які заўсёды гатовы дапамагчы. А музыка… Музыка фактычна не пакідала мяне ніколі.
Спачатку была… песенька пра сыр
Пра «MILK FEST» спецыялісты прадпрыемства даведаліся летась, калі пабывалі на малочным форуме ў сталіцы. Конкурс тады праводзіўся ўпершыню. Калегі Наталлі ацанілі ўзровень выканаўцаў, а вярнуўшыся, прапанавалі паўдзельнічаць і ёй. Для гэтага трэба было падрыхтаваць кампазіцыю і зняць кліп. І вось тут пачынаецца самае цікавае.
— Спачатку мне прыйшла ў галаву ідэя зусім іншай песні. Так, не здзіўляйцеся! «Краіна малака» нарадзілася не адразу. Першую кампазіцыю падрыхтавала ў час працоўнага адпачынку. Узяла вядомую мелодыю, напісала словы. Атрымалася жартоўная песенька пра наш сыр. Прыйшоў час запісваць трэк у Палацы культуры. Спецыялісты паглядзелі, у цэлым ім спадабалася, але хацелася чагосьці больш яркага. Вось тады і прыступіла да рэалізацыі іншай задумы, — дзеліцца Наталля.
Як гэта бывае ў чалавека творчага, словы да «Краіны малака» прыходзілі ў самых розных месцах. Іх і запісвала на лісток, напявала на дыктафон у сваім мабільным. Працавала над напісаннем некаторых радкоў выкладчык беларускай мовы каледжа Лідзія Мікалаеўна Рэпіха. Яна ж падказвала нюансы вымаўлення слоў. З запісам студыйнай версіі дапамаглі Аляксандр Котаў і Аксана Казлоўская. Пасля, падчас рэпетыцый, да іх далучыўся Алег Строк — ён расказваў, як трэба рухацца пры выкананні кампазіцыі на сцэне.
«Мазгавы штурм» і лакацыі кліпа
— Нашу «Краіну малака» вельмі хацелася абраміць у добрае відэа. Таму калі справа дайшла да здымак кліпа, мы з калегамі пасля працы сабраліся на своеасаблівы «мазгавы штурм». Літаральна за паўгадзіны абзванілі ўсіх знаёмых і сяброў у пошуках цікавых лакацый для здымак, відэааператара, рэквізіту… Разглядалі самыя розныя, нават, здавалася б, неверагодныя варыянты. Вось яна — камандная работа, якая заўсёды дае плён, — кажа Наталля.
Сапраўды, дзеянне кліпа (а паглядзець яго можна на YouTube-канале «Пружанский молочный комбинат») разгортваецца ў розных месцах. Больш за тое, у розных абласцях. Частку, якая адлюстроўвае дзяцінства Наталлі, здымалі ў в. Краснае. Дом, які можна ўбачыць у кадры, — бацькоўская сядзіба адной з работніц. Ролю маленькай Наталлі Феранец выканала Ксенія, дачка галоўнага тэхнолага камбіната. А бабулю выдатна сыграла Валянціна Іскаліева, кіраўнік народнага ансамбля танца «Спадчына». Наталля раскрывае і іншыя дэталі:
— Калі здымалі, было вельмі холадна, але здавалася, што сама прырода нам дапамагала: у нейкі час выглянула сонейка. Канечне, гэты момант мы не ўпусцілі. А яшчэ падчас здымак у дом залятала птушка. Мы палічылі гэта шчаслівым знакам.
У выніку так і аказалася. Але пра гэта — пазней. На этапе здымак кліпа заставалася паказаць Наталлю з прадукцыяй камбіната і ў інтэр’еры вакальнай студыі. У якасці першай лакацыі разглядалі дэгустацыйную залу пружанскай «малочкі». Але спыніліся… на аграсядзібе ў аг. Жыровічы Слонімскага раёна. Кадры, на якіх мы бачым Наталлю Феранец на чорным фоне каля мікрафона, былі зняты ў слонімскім тэатры. І там не абышлося без добрых людзей: на здымкі спявачка забыла вянок — і слонімскі тэатр прадаставіў валошкавы, які аказаўся вельмі дарэчы.
Фінальныя кадры кліпа здымалі на малочным камбінаце. А ці магло быць інакш? Дзеткі работнікаў, якія адпускаюць у неба паветраныя шары колераў Дзяржаўнага сцяга — гэта гучнае шматкроп’е, якое кажа пра тое, што справа масла- і сыраробаў у краіне малака абавязкова будзе працягнута.
Гучны фінал
— Час чакання цягнуўся доўга. Калі нарэшце з’явіліся відэаролікі іншых прадпрыемстваў, уважліва іх пераглядала, каб, не стану хлусіць, ацаніць свае шанцы, — дзеліцца наша гераіня.
Ужо тады ўсе калегі верылі ў перамогу Наталлі. Яна таксама настройвалася на яе, але разумела, што некаторыя моманты можна было перарабіць. Трывогі дадала дачка Даша: у яе паднялася тэмпература, таму мама старалася не затрымлівацца на працы, на ўсялякі выпадак прапіла курс вітамінаў і імкнулася менш рэпетыраваць, каб захаваць голас. Хаця… Па словах Наталлі, «Краіну малака» ў іх кватэры не спяваў хіба што кот Мурзік.’

І вось, нарэшце, дзень фіналу. Да стварэння вобраза прадстаўніца Пружанскага малочнага камбіната падышла з усёй адказнасцю. Завушніцы, якія падкрэслівалі нацыянальны каларыт, увогуле рабілі на заказ. Падчас фінальнага выхаду, кажа Наталля, увесь час чула ўласнае сэрца. Было складана і хвалююча, але калі зразумела, што побач — калегі, моцная група падтрымкі, супакоілася.
Кампазіцыю на роднай мове на «выдатна» ацаніла і журы, і гледачы. Ад першых малочны камбінат атрымаў 9 балаў, ад гледачоў у зале — 121 фішку і, адпаведна, столькі ж галасоў. І гэта аказалася Гран-пры!

— Калі табе ўручаюць узнагароду, гэта вельмі прыемна, але і адказна адначасова. Узнагарода, якую ўзяла наша «Краіна малака», — гэта перамога кожнага, хто дапамагаў у падрыхтоўцы, падтрымліваў. Я — толькі чалавек, які апынуўся на вяршыні айсберга, а айсберг гэты — і ёсць калегі, сябры, усе нераўнадушныя людзі. Таму самае галоўнае пачуццё цяпер — пачуццё падзякі. Дзякуй кіраўніцтву нашага прадпрыемства, калегам, усім, хто разам з намі імкнуўся да таго, каб «Краіну малака» пачулі і ацанілі.
Курс — на новыя ідэі
У жыцці Наталлі знаходзіцца месца і для іншых творчых конкурсаў. Успомнім хаця б сёлетняе «Queens Show» у Пружанах. Не раз удзельнічала ў кастынгах тэлепраектаў. На жаль, трапіць на здымкі не ўдавалася. Мы верым, што толькі пакуль.
Адзін з нядаўніх праектаў на тэлебачанні, у перадкастынгу якога брала ўдзел па прапанове старшыні прафсаюзнай пярвічкі Таццяны Карпусь, — «Зорны шлях». У аг. Белавежскі спецыяліст малочнага камбіната ездзіла разам з вакальным гуртом «Каханачка». Прызнаецца, што вельмі рада такому знаёмству, бо дзяўчаты — не толькі таленавітыя выканаўцы, але і выдатныя гаспадыні, майстрыхі, субяседніцы, псіхолагі…
Справа была напачатку восені. Між тым, паказ выпускаў праекта на тэлеканале «АНТ» стартаваў. Выходзяць яны штосуботу ў 18.00. На жаль, нашых выканаўцаў на мінскай сцэне мы не пабачым, але эмоцыі цікавыя заўсёды. Удзельніцы «Каханачкі» ўжо дзяліліся імі з чытачамі. Даём слова Наталлі Феранец.
— Маштабнасці праекта не ўсведамляла да таго, пакуль яго не патлумачыла прадзюсар Святлана Стацэнка. Можа, таму ад хвалявання падвярнула нагу на высокіх абцасах. Дзякуй Богу, «канкурэнты» падтрымлівалі. Выконвала «Sway» у інтэрпрэтацыі «Pussycat Dolls». Прадзюсар ацаніла, сказала, што кампазіцыя ёсць на ўзбраенні яе вучаніцы. Але, на жаль, прайсці ў сам праект ні «Каханачцы», ні мне не ўдалося. Але ці нагода гэта апускаць рукі? Ні ў якім разе! — усміхаецца Наталля.

І яшчэ раз падкрэслівае, нібыта даючы параду ўсім: заўсёды трэба настройваць сябе на поспех, пасылаць у космас добрыя думкі, імкнуцца да лепшага. Але ў той жа час працаваць. Тады і поспех абавязкова прыйдзе. А ідэй у Наталлі вялікае мноства — як па працы, так і ў творчым плане. Штурмаваць падмосткі тэлепраектаў таксама ўваходзіць у планы, але пакуль — невялікі перапынак. У наступным жа годзе менавіта Наталля Аляксандраўна адкрые «MILK FEST». Ізноў са сталічнай сцэны загучыць прыгожая, пяшчотная, такая блізкая і ўжо родная «Краіна малака» — фактычна ўжо гімн Пружанскага малочнага камбіната. Твор, які апявае нашу годнасць, вяртае да вытокаў, прымушае ганарыцца Беларуссю і сваёй малой радзімай.
Уладзіслаў Шпарла. Фота з асабістага архіву Наталі Феранец і прадстаўлены арганізатарамі «MILK FEST»