Абаронца Айчыны. Словы, якія надаюць людзям спакою і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, якія маюць на ўвазе мужнасць, загартоўку, разуменне таго, што нясеш адказнасць не толькі за сябе, але і за сваіх родных, знаёмых, за свой народ. Асаблівае значэнне яны набываюць у сённяшніх рэаліях, калі нам, беларусам, даводзіцца сапраўды абараняць сваю незалежнасць, сваю краіну.
Каб маральна падтрымаць хлопцаў у форме, паказаць, што пра іх помняць і перажываюць, па ўсёй рэспубліцы праходзіць акцыя «Маміны пірагі», наладжаная Беларускім саюзам жанчын. Падобнае мерапрыемства прайшло і на Пружаншчыне.
Наша самая прыгожая палова чалавецтва вырашыла наведаць з канцэртам ваеннаслужачых з заставы «Хвойнікі». Распачала святочную імпрэзу загадчыца аўтаклуба Людміла Кавалёва. Яна выказала радасць ад таго, што атрымалася прыехаць на заставу, каб напрамую павіншаваць пагранічнікаў са святам — Днём абаронцаў Айчыны, і запэўніла, што сёння ўсе самыя ўдзячныя і цёплыя словы будуць гучаць толькі ў іх адрас.
Ад імя жанчын, якія ўвасабляюць і матуль, і сясцёр, і каханых, да ваеннаслужачых звярнулася старшыня пярвічнай арганізацыі БСЖ аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Святлана Карповіч. Яна пажадала хлопцам любові родных і блізкіх, мірнага неба над галавой, каб заўсёды заставаліся сапраўднымі мужчынамі. Падзякавала за тое, што пад абаронай такіх малайцоў мы спакойна і мірна жывём. А дзе ж маміны пірагі? Не хвалявацца! Былі і салодкія падарункі, і прыгожы і духмяны каравай, якія падрыхтавалі пярвічныя раённыя арганізацыі БСЖ, асабіста старшыня раённай арганізацыі Наталля Чарэшка, аддзел культуры райвыканкама, ДУК «Пружанская ЦБС», старшыня Ліноўскага сельвыканкама Таццяна Мардань.
І як жа пройдзе такая сустрэча без песень?! А яны яшчэ як гучалі: тут вам і каханне, і ваенная тэматыка. І па тым, як хлопцы апладзіравалі спевакам, было бачна, што ім па душы жывыя, запальныя спевы. Радавалі сваім мастацтвам вакальны гурт «Шчырым сэрцам» Пружанскага аўтаклуба, салісты Шарашэўскага цэнтра культуры і адпачынку, Слабадскога і Ліноўскага СДК.
Падобныя віншаванні прымалі і ваеннаслужачыя заставы «Перароў». Дарэчы, тут праходзіць тэрміновую службу ўраджэнец г.п. Шарашэва Андрэй Новік. У рамках акцыі «Маміны пірагі» сюды завіталі старшыня пярвічнай арганізацыі БСЖ Раіса Бульчук, в.а. старшыні Шарашэўскага сельвыканкама Святлана Амельянец. Члены пярвічак ГА «Беларускі саюз жанчын» і «Белая Русь» падрыхтавалі нямала смачнай выпечкі, а цудоўную канцэртную праграму наладзілі работнікі і самадзейныя артысты Шарашэўскага цэнтра культуры і адпачынку.
Што ж, пірагі і песні — гэта вельмі цудоўна. Але ў першую чаргу хацелася б пажадаць усім пагранічнікам спакойных будняў, упэўненасці ў сваіх сілах і веры ў тое, што асноўнай іх задачай і надалей застанецца ахова нашай мяжы без выкарыстання зброі. Шчасця і міру вам, хлопцы!
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік і аддзела культуры райвыканкама