Вторник, 22 апреля 2025

Первые в районе «тысячники» появились в ОАО «Журавлиное»

1 355

ААТ «Жураўлінае» ўпэўнена трымае лідарства на сёлетнім жніве сярод гаспадарак раёна. На пазаўчарашні дзень збожжавыя і зернебабовыя культуры былі ўбраны тут на плошчы каля 2 тысяч гектараў, што складае 70% да плана. Ураджайнасць перавышае мінулагоднюю на 10 цэнтнераў з гектара.
Таму невыпадкова, што першыя тысячнікі ў раёне сёлета былі ў гэтым таварыстве.
У суботу ў раёне з’явіўся першы камбайнавы экіпаж-тысячнік. Віноўнікамі урачыстасці сталі старшы камбайнер А.В.Харута і камбайнер А.С.Ванека. Аляксандр Васільевіч працуе ў гаспадарцы механізатарам, а Анатоль Сцяпанавіч — слесар пункта тэхнічнага абслугоўвання. На сёлетнім жніве яны ўпершыню працуюць разам. За светлавы дзень выдаюць з бункера камбайна «GS-12» да 90 тон збожжа.
Камбайнераў-тысячнікаў цёпла павіншаваў з дасягнутым вынікам, а таксама ўручыў ім каштоўныя падарункі старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун.


Ён таксама ўручыў падарунак вадзіцелю М.В.Аблавушку, які аўтамабілем «МАЗ-551605» перавёз тысячу тон збожжа і з’яўляецца лідарам раённага спаборніцтва.
Віноўнікі ўрачыстасці ў гэты дзень атрымалі словы падзякі і каштоўныя падарункі і ад упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, кіраўніцтва гаспадаркі…
Але для апошніх падобныя «выезды» ўвайшлі ў традыцыю: напярэдадні, у пятніцу, на адным з палеткаў ААТ «Жураўлінае» віншавалі вадзіцеля Ю.А.Сямко: аўтамабілем «МАЗ-5516» ён перавёз 1000 тон збожжа ад камбайнаў. Яго таксама ўшаноўвалі першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Т.А.Вараб’ёва, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу І.І.Ярома, дырэктар таварыства Д.М.Якутчык, яго намеснік па ідэалагічнай рабоце З.М.Усік і старшыня прафкама таварыства А.А.Цімановіч.
Юрый Аляксеевіч у мінулым годзе быў прызёрам раённага спаборніцтва на нарыхтоўцы травяністых кармоў. І вось цяпер новы поспех. Увогуле ён працуе ў гаспадарцы больш за чвэрць стагоддзя. За гэты час перавёз шмат грузаў. Але, як лічыць вадзіцель, самы каштоўны груз — гэта, безумоўна, збожжа. На сваім аўтамабілі за адзін рэйс Юрый Аляксеевіч дастаўляе на зерняток больш за 20 тон залацістага зерня.
На здымку: вадзіцеля М.В.Аблавушку віншуюць старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Д.М.Якутчык і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце З.М.Усік.
Мікола Архуцік. Фота аўтара.