Вторник, 18 февраля 2025

Перспектывы медыцыны ў раёне, кадравыя пытанні і не толькі — у інтэрв’ю з галоўным урачом Пружанскай ЦРБ Юрыем Юзько

978

Праводзячы ў Ружанскім сельсавеце выязную рэдакцыйную «лятучку», мы атрымалі просьбу прысутных актывістаў і жыхароў сельсавета апублікаваць інтэрв’ю з новым галоўным урачом Пружанскай цэнтральнай райбальніцы. Юрый Юзько адразу адгукнуўся на яе і адказаў на шэраг пытанняў, якія цікавяць людзей.

— Юрый Віктаравіч, раскажыце пра перспектывы медыцыны ў Пружанскім раёне.

— Самая бліжэйшая — гэта рэканструкцыя былога будынка цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Там у хуткім часе размесцяцца дзіцячая паліклініка і жаночая кансультацыя.

Спадзяюся, што ў бліжэйшы час будзе зацверджаны праект будынка новага прыёмнага пакоя. Там мяркуецца размяшчэнне раздзельных аглядальных пакояў, дыягнастычнай палаты, працэдурнага і перавязачнага кабінетаў. Гэта значыць, што дзяжурная брыгада будзе больш якасна і кваліфікавана аказваць медыцынскую дапамогу. Спадзяюся, што і ў бліжэйшай будучыні мы зможам там жа ўстанавіць камп’ютарны тамограф.

Акрамя таго, па меры нашых сіл і сродкаў будзем займацца бягучымі рамонтамі аддзяленняў, ФАПаў.

— На сённяшні дзень перад аховай здароўя Пружаншчыны стаіць вострае пытанне забеспячэння медыцынскімі кадрамі. Як плануецца яго вырашаць?

— У бягучым годзе плануецца прыбыццё ў раён маладых спецыялістаў: чакаем аднаго ўрача педыятра, двух псіхіятраў-нарколагаў і столькі ж хірургаў. Спадзяюся, што ўсе прыедуць.

У нас не было паўнацэннага спецыяліста па эндаскапіі, таму зараз адзін урач праходзіць пярвічную спецыялізацыю. Нам удалося на стойку эндаскопа атрымаць дадатковае абсталяванне — каланаскоп. Так што пры наяўнасці кваліфікаванага спецыяліста якасць дыягностыкі значна павысіцца.

Плануецца таксама прыбыццё ўжо вопытнага спецыяліста па ўльтрагукавым даследаванні. Ён наш, пружанскі. Пасля адпрацоўкі ў абласным цэнтры выказаў жаданне вярнуцца на малую радзіму.

Што тычыцца спецыялістаў сярэдняга звяна, то заяўку, якую мы перадалі ў навучальныя ўстановы, на жаль, не змогуць выканаць поўнасцю.

— Якія яшчэ спецыялісты патрабуюцца?

— На сённяшні дзень нам патрэбны ўролаг, раённы педыятр. Ёсць і яшчэ вакансіі, але яны так званыя «ўмоўныя»: спецыялісты знаходзяцца ў адпачынках па догляду дзіцяці. Прыйдзе час і яны зноў зоймуць свае працоўныя месцы.

— На мінулым тыдні рэдакцыя праводзіла выязную «лятучку» на тэрыторыі Ружанскага сельсавета. Падчас яе жыхары скардзіліся на недахоп медыцынскіх работнікаў у мясцовай бальніцы. Як быць з гэтай праблемай?

— Стараемся яе вырашаць. Напрыклад, двойчы на тыдзень арганізоўваем выезд у Ружаны стаматолагаў. Але і ў Пружанах мы адчуваем недахоп спецыялістаў гэтага звяна. Справа ў тым, што зусім мала выпускаецца такіх медработнікаў, таму па-ўплываць на сітуацыю, пакуль навучальныя ўстановы не павялічаць набор на гэтыя спецыяльнасці, немагчыма.

Таксама ў Ружанах вакантная стаўка ўрача агульнай практыкі, якую часткова закрывае загадчык паліклінікі. Разумею, што гэта цяжка, у Ружанах немалая колькасць насельніцтва. Таму будзем старацца арганізоўваць выязныя прыёмы медыцынскіх брыгад. Праблема гэта не аднаго і не двух дзён, але пастараемся яе мінімізаваць.

— Юрый Віктаравіч, Вы нядаўна ўзначалілі калектыў Пружанскай ЦРБ. Як змаглі адаптавацца ў новых умовах працы, на новым месцы?

— Адразу скажу, што трэба працаваць у любым месцы, таму пытанне адаптацыі перада мной нават не стаяла. Адзінае — трэба добра вывучыць раён, бо ён немалы па працягласці, хаця насельніцтва і не вельмі многа. Заўважу, што кампактнае пражыванне людзей больш зручнае для абслугоўвання, чым пражыванне па некалькі чалавек у шматлікіх населеных пунктах: медработніку складаней даехаць паасобку да кожнага. Але і з такой спецыфікай мы павінны спраўляцца.

Гутарыў Віктар Ільюшчанка