Збожжавы палетак ААТ «Ружаны-Агра» і сёлета застаецца самым вялікім сярод гаспадарак раёна. Пад збожжавымі і зернебабовымі культурамі занята 6,5 тысячы гектараў зямель, што складае пятую частку хлебнай нівы Пружаншчыны. На жніве задзейнічаны 24 камбайнавыя экіпажы. Адных толькі абедаў для тых, хто працуе на ўборачнай, штодзень у сталоўках Ружан і Калазубаў рыхтуецца каля 160.
Каб атрымаць добры ўраджай на пясчаных глебах Ружанскай зоны, патрэбны дажджы. Але сёлета зноў надвор‘е падводзіць: у маі-чэрвені, калі налівалася зерне, было суха, цяпер жа, падчас уборачнай частыя дажджы вельмі перашкаджаюць земляробам. Калі б ні яны, уборку збожжавых і зернебабовых ужо завяршылі б.
Засуха істотна паўплывала на прадуктыўнасць збожжавага палетка. Асабліва гэта датычыцца яравых. Калі ўраджайнасць азімай пшаніцы перавышае 40 цэнтнераў з гектара, то яравы ячмень даў на круг толькі 34 цэнтнеры.
— Не парадаваў сёлета і азімы рапс, — гаворыць галоўны аграном таварыства А.М.Лаўрутыч.
Тым не менш, сабрана 839 тон алейнага насення рапсу. Яго перапрацоўка арганізавана ў гаспадарцы. Атрыманы алей будзе накіраваны на камбікормавы завод у Калазубах, багатая бялком макуха таксама пойдзе на кармы для жывёлы.
Жніво ў ААТ «Ружаны-Агра» выходзіць на фінішную прамую, а сельскія працаўнікі гаспадаркі клапоцяцца пра ўраджай наступнага года. Пасля вызвалення палёў ад саломы праводзіцца лушчэнне іржышча. Рыхтуецца глеба пад сяўбу азімага рапсу, які, як і летась, будзе размешчаны на плошчы тысячу гектараў.
Поспех на жніве вызначаюць людзі, якія штогод пацвярджаюць свой клас. Не стала выключэннем і сёлетняе. Тон задаюць сямейныя экіпажы Анатоля і Андрэя Дзерачэяў, Аляксандра і Мікалая Густыраў, маладзёжны — Міхаіла Казлюка і Валерыя Брылевіча.
На адвозцы збожжа ад камбайнаў выдатна сябе зарэкамендавалі Сяргей Варабей, Уладзімір Зубеня, Аляксей Рачняк, Дзмітрый Строк. Няма роўных у раёне калектыву ЗСК-80 (старшы машыніст Андрэй Уласенка), які ўжо дапрацаваў звыш 10 тысяч тон збожжа.
Асноўная запаведзь земляробаў — забеспячэнне паставак збожжа ў дзяржаўныя засекі. Сёлета працаўнікі ААТ «Ружаны-Агра» павінны паставіць для патрэб прадпрыемстваў Дэпартамента хлебапрадуктаў 2,3 тысячы тон збожжа.
На здымках: маладзёжны экіпаж Міхаіла Казлюка і Валерыя Брылевіча; сямейны экіпаж камбайна «CS-12» у складзе Анатоля і Андрэя Дзерачэяў.
Мікола АРХУЦІК,
Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)