Среда, 15 января 2025

Першыя аўтары пісьмаў у рэдакцыю атрымалі падарункі, якія «Раённыя будні» падрыхтавалі разам з ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс»

611

На пачатку гэтага тыдня мы атрымалі апошняе пісьмо з вялікага патоку карэспандэнцыі, што даслалі да нас чытачы газеты. Нагадаем, што напрыканцы мінулага года рэдакцыя «раёнкі» прапанавала паўдзельнічаць актыўным жыхарам раёна ў своеасаблівым вывучэнні жаданняў і чаканняў чытацкай аўдыторыі і параіць журналістам новыя накірункі работы, цікавыя тэмы, ідэі для рэалізацыі.

Безумоўна, нехта можа абвінаваціць нас у суб’ектыўнасці: маўляў, такія сачыненні можна было напісаць і не чытаючы «раёнку». Але мы прымалі пісьмы толькі разам з карцінкай, сабранай з 6 фрагментаў, якія друкаваліся ў асобных выпусках газеты на працягу снежня 2022-га і студзеня 2023-га гадоў. Толькі тыя, хто мэтанакіравана атрымлівае «раёнку» ў паштовую скрыню або купляе ў кіёсках «Белсаюздруку», маглі знайсці гэтыя фрагменты.

Зразумела, што рэальная чытацкая аўдыторыя дакладна ведае нашы напрацоўкі, а таксама тое, чаго ж не хапае ў газеце.

Старшыня прафкама ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» Наталля Мартынчук і падпісчыца нашай газеты Алена Салодкая.

І трэба сказаць, што мы самі здзівіліся колькасці слушных прапаноў, сярод якіх некаторыя абавязкова возьмем на ўзбраенне. Карыстаючыся парадамі, мы, безумоўна, будзем узгадваць прозвішчы тых, хто падзяліўся з намі ідэямі. У прыватнасці, шчыры дзякуй Алене Лявонцьеўне Салодкай з г. Пружаны, якая параіла нам заставацца адкрытымі для тых, хто звяртаецца па дапамогу да журналістаў. Такім чынам мы даведаліся, што нашы рубрыкі «Тэму падказвае чытач», «Чытач-газета: зваротная сувязь» і падобныя да іх застаюцца запатрабаванымі і прыцягальнымі для падпісчыкаў. Тое ж самае можна сказаць пра парады Ірыны Сцяпанаўны Плеска з в. Новыя Засімавічы або Веры Рыгораўны Шарашовец з пас. Сонечны.

Менавіта гэтыя аўтары пісьмаў у рэдакцыю ў якасці заахвочвання атрымалі першыя салодкія і карысныя падарункі, якія мы падрыхтавалі разам з ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» – 1 кг свежага мёду ўраджаю бягучага года і сабранага менавіта на пружанскіх землях. Уручыла іх старшыня прафкама ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» Наталля Мартынчук.

Вера Шарашовец.

Пра салодкасць мёду вядома ўсім. Але ж ці ўсе ведаюць, у чым карысць гэтага натуральнага прадукту, які практычна немагчыма падрабіць. Замяняльнікі існуюць, але яны блізкія толькі па смаку. А вось па ўтрыманні карысных элементаў – ніякім чынам. А апошніх у мёдзе некалькі дзясяткаў відаў, у дадатак гэты ўнікальны ласунак па сваім складзе ў многім нагадвае чалавечую кроў. Нездарма мёд аказвае спрыяльны ўплыў на арганізм пры захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў стрававання. Асабліва ён патрэбны пры адсутнасці супрацьпаказанняў для аслабленых хваробамі або састарэлых людзей у якасці крыніцы карысных для памяці, сэрца і страўніка рэчываў.

А яшчэ тыя, хто рэгулярна спажывае мёд, лягчэй пераносяць або ўвогуле не падчапляюць прастудныя ці вірусныя хваробы, вылучаюцца трывалым імунітэтам. Некаторыя навукоўцы нават сцвярджаюць, што гэты дар пчол здольны змагацца з COVID-19. Ва ўсялякім выпадку апошнія даследаванні пацвярджаюць, што пастаянны прыём у ежу страў на мёдзе паскарае вывядзенне астаткаў небяспечнага віруса з арганізма чалавека, які перахварэў на «карону».

Вось так мы вырашылі аддзячыць нашым чытачам, жадаючы ўсім вам моцнага здароўя, добрага настрою і толькі прыемных навін. Спадзяёмся, што пасля ўжывання мёду ў вас надоўга хопіць здароўя, энергіі і жадання заставацца разам з любімай «раёнкай». А калектыў рэдакцыі са свайго боку зробіць усё магчымае, у тым ліку і карыстаючыся вашымі парадамі, каб газета станавілася яшчэ больш цікавай.

Падарунак атрымлівае Ірына Плеска.

Мы беражліва захаваем вашы пісьмы і ў бліжэйшых нумарах падзелімся меркаваннямі наконт рэалізацыі прапаноў. А пакуль аўтараў найцікавейшых пісьмаў чакаюць у рэдакцыі заслужаныя падарункі. Калі жадаеце забраць іх самастойна, просьба папярэдне патэлефанаваць. А да іншых мы прыедзем з падзякай самастойна і ў хуткім часе.

Пераможцамі конкурсу сталі:

1. Абрамчык Людміла Іванаўна, в. Чапялі
2. Антошак Уладзімір Антонавіч, г. Пружаны
3. Барылка Таіса Пятроўна, г. Пружаны
4. Бульчук Раіса Аляксандраўна, г.п. Шарашэва
5. Васкаўшчук Аляксандр Феадосьевіч, г.п. Шарашэва
6. Гаранюк Ніна Антонаўна, г. Пружаны
7. Гаўрылюк Надзея Сцяпанаўна, г.п. Шарашэва
8. Грышкевіч Раіса Тадэвушаўна, г. Пружаны
9. Давідзюк Алена Аляксееўна, г. Пружаны
10. Каралькевіч Валяр‘ян Барысавіч, г.п. Шарашэва
11. Крацы Генадзь Людвікавіч і Таццяна Мікалаеўна, в. Гарадняны
12. Махвіч Галіна Мікалаеўна, г.п. Ружаны
13. Пагарэлава Ніна Мікалаеўна і Пукіта Марыя Сцяпанаўна, г. Пружаны
14. Піліпчук Алена Іванаўна, в. Слабудка
15. Плеска Ірына Сцяпанаўна, в. Новыя Засімавічы
16. Рабчук Марыя Іванаўна, пас. Сонечны
17. Салодкая Алена Лявонцьеўна, г. Пружаны
18. Сахарко Вера Віктараўна, аг. Лінова
19. Трафімчук Тамара Сцяпанаўна, г. Пружаны
20. Трэбнікава Лідзія Мікалаеўна, г. Пружаны
21. Шарашовец Вера Рыгораўна, пас. Сонечны
22. Яўсеева Галіна Аляксееўна, в. Загор‘е
23. Яцук Валянціна Леанідаўна, аг. Шчарчова

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік