Суббота, 12 октября 2024

Першыя ў раёне трохтысячнікі на прасушцы зерня працуюць на КЗСВ-40 у «Велікасельскім Агра»

273

Як жа прыемна пахне зерне новага ўраджаю! Гэты пах ні з чым не параўнаеш, ён кожны раз непаўторны. У чарговы раз з’явілася магчымасць яго ўдыхнуць на поўныя грудзі, калі ў панядзелак бягучага тыдня наведалі ААТ «Велікасельскае Агра» з нагоды віншавання машыністаў КЗСВ-40.

Лідараў жніва-2023 віншуе намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ВВТ «Велікасельскае Агра» Мікалай Ляўчук.

Яны першыя ў раёне прасушылі 3000 тон залацістага зерня, і гэтая перамога, дарэчы, для іх не першая. Хлопцы ўжо каторы год на Пружаншчыне займаюць пазіцыі лідараў па давядзенні да адпаведнай кандыцыі збожжавых культур. Каманда зладжаная — і вынік не прымушае сябе чакаць. Ды і перамог многа не бывае, кожны раз прыемна пачуць добрыя словы ў свой адрас, адчуць сваю прыналежнасць да вялікай справы — збору новага ўраджаю.

Старшы машыніст Дзмітрый Сямашка і машыністы Аляксей Велясевіч, Андрэй Яроцкі і Міхаіл Халецкі прымалі віншаванні ад старшыні Пружанскай раённай прафарганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Вольгі Зубковай, якая традыцыйна ўручыла кепкі, майкі. Зразумела, не абышлося без падарункаў. Вольга Васільеўна пажадала хлопцам усяго самага найлепшага, яшчэ большага старання, каб змаглі выйсці на вобласць і не толькі. Са свайго боку намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Мікалай Ляўчук ад імя пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі ўручыў грашовыя прэміі і даў наказ: ні ў якім выпадку не збаўляць тэмпаў, змагацца за прэстыж сельгаставарыства, бо ад гэтага залежыць і дабрабыт саміх работнікаў.

Прыемна быць побач з пераможцамі — Аляксеем Велясевічам і Дзмітрыем Сямашкам.

Няхай жа і надалей хапае ў хлопцаў сіл фізічных і маральных, каб з гонарам прайсці праз усю сёлетнюю ўборачную кампанію і паказаць свету ўсяму: у нас абавязкова будзе хлеб і да хлеба.

Вадзім Раўнейка. Фота Юліі Янушка