Суббота, 18 января 2025

Першынство па тэхніцы пешаходнага турызму прайшло ў аг. Руднікі

242

На базе цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства ў аг. Руднікі прайшло адкрытае першынство па тэхніцы пешаходнага турызму, якое дзякуючы прыезду шматлікіх гасцей у выніку атрымала статус міжраённага.

Сваіх удзельнікаў прывезлі на спаборніцтвы турыстычныя аб’яднанні Бярозаўскага, Драгічынскага і Іванаўскага раёнаў. Як зазначыў спецыяліст аддзела па адукацыі Сяргей Зелянееў, атрымалася выдатная канкурэнцыя, што толькі паспрыяла авалоданню новай тэхнікай і ўдасканаленню вывучаных прыёмаў.

Сваё майстэрства спартсмены павінны былі паказаць пры праходжанні ўмоўных перапраў, вертыкальных спускаў, адолець «бервяно», маятнік і сапраўднае павуцінне з вяровак.

Не ўсе прызавыя месцы ўдалося заваяваць пружанцам, але без узнагарод яны не засталіся. Першае месца ў старэйшай узроставай групе сярод хлопцаў заняў Арцём Братулін, сярод дзяўчынак з «серабром» прайшла дыстанцыю выпрабаванняў Паліна Кавалеўская. У малодшай узроставай групе сярод дзяўчынак на трэцюю прыступку п’едэстала ўзнялася Маргарыта Шыркавец.

Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Макарчука