Сапраўднай праверкай навыкаў напярэдадні новага года стала для пружанскіх плыцоў адкрытае першынство
СДЮШАР № 2 «Белавежская пушча». Яно адбылося ў Водным палацы ў мінулую пятніцу.
Праграма спаборніцтваў ўключала дзве дысцыпліны: 50 метраў на спіне і стаметроўку комплексным плаваннем. Калі з першай усё зразумела, то ў рамках другой трэба было праплыць адрэзкі па 25 м чатырма рознымі стылямі — батэрфляем, на спіне, брасам і, нарэшце, вольным.
У агульнай колькасці на дарожкі ў рамках спаборніцтваў выйшла больш за 100 спартсменаў усіх трэнераў па плаванні, якія вядуць падрыхтоўку на базе СДЮШАР № 2. Змагаліся за перамогу хлопцы і дзячўчаты 2012-2014 г.н. і маладзейшыя. Па-за конкурсам прымалі ўдзел таксама плыўцы 2008-2011 г.н.
У выніку чэмпіёнкай сярод дзяўчат 2012-2013 г.н. як у 50 м на спіне, так і ў 100 м комплексам стала Ангеліна Фісюк. Другая і там, і там — Ганна Мацвяйчук, на трэцім месцы — Анастасія Вашкевіч і Марыя Салапонава адпаведна. У гэтай жа ўзроставай катэгорыі сярод хлопцаў абсалютную перамогу таксама ў двух відах праграмы святкаваў Андрэй Масік. Другі на 50 м на спіне — Максім Стасюк, ён жа — трэці на стаметроўцы комплексам. А вось у Мікалая Шчарбітава — наадварот: другое месца на 100 м і трэцяе — на 50-ці.
Сярод спартсменак 2014 г.н. і маладзейшых прызавая тройка выглядае наступным чынам: Дар’я Раўнейка, Варвара Лукуць і Антаніна Міхальчук (50 м на спіне). У другім відзе праграмы спаборніцтваў Антаніна — з сярэбранай узнагародай, на першым месцы тут Кацярына Токар, трэцяе заняла Марыя Іванаўскас. Не здавалі пазіцый і хлопцы гэтай узроставай катэгорыі. У заплыве на 50 м на спіне лідзіравалі Станіслаў Шэлест, Іван Клімук і Ігнат Ліпко. Першыя два хлопцы былі на п’едэстале і пасля комплекснага заплыву, але памяняліся месцамі. Трэцім жа стаў Мацвей Кніга.
У дзень правядзення «Белавежскай пушчы» радаваліся перамогам сваіх выхаванцаў трэнеры Сяргей Каляда, Павел Баран, Крысціна Міраноўская, Юлія Козел і Крысціна Ліцкевіч.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік