Суббота, 24 января 2026

Першымі на Пружаншчыне прасушылі 1000 тон зерня ў «Агра-Калядзічах»!

456

Беларусы здавён схільныя да таго, каб шчыра працаваць. І працай сваёй не хваляцца, а здабываюць сабе дабрабыт і аўтарытэт сумленных работнікаў, гасцінных суседзяў і проста душэўных людзей. Прыкладам сказанаму можа служыць сёлетняе жніво. Скрупулёзна і засяроджана хлебаробы заняты важнай справай — зборам залацістага зерня, папаўненнем жытнёвай скарбонкі нашай любімай краіны.

Калі браць наш раён, то ўжо ёсць і першыя пераможцы на зборы ўраджаю 2024 года.

Першымі на Пружаншчыне прасушылі 1000 тон зерня ў ААТ «Агра-Калядзічы». Перш чым агучыць імёны пераможцаў і павіншаваць іх з добрым пачаткам жніва, хацелася б некалькі слоў сказаць пра тое, што папярэднічала такому добраму выніку.

Уся справа ў тым, што ў гаспадарцы сёлета ўпершыню быў уведзены ў эксплуатацыю зернесушыльны комплекс «Green Way 60» (вытворчасцю іх займаецца Барысаўскі завод «Металіст»). Усё з цягам часу зношваецца, патрабуе значных грашовых укладанняў. Таму кіраўніцтва ААТ «Агра-Калядзічы» вырашыла: чым пастаянна рамантаваць старое, лепш пабудаваць новае, якое будзе працаваць без паломак і больш эфектыўна.

А нашы сельскія працаўнікі дакладна ведаюць, што важна не толькі сабраць ураджай, але і апрацаваць зерне, захаваць яго пажыўную каштоўнасць, падрыхтаваць да працяглага захоўвання розныя сельскагаспадарчыя культуры. Запас бяды ніколі не чыніць. Гэтаму і спрыяе зернесушыльны комплекс Барысаўскага завода. А калі дадаць сюды аўтаматычны маніторынг працэсу сушкі і яе тэмпературы, нізкі клас энергаспажывання, высокую вытворчасць нават пры дрэнных кліматычных умовах за кошт тэрмічна ізаляванай канструкцыі, то працаваць на комплексе наогул адно задавальненне — кантралюй сам працэс, па патрэбе ўнось карэктывы.

Старшыня Пружанскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольга Зубкова з наказам аператарам Аляксандру Янушкевічу, Дзмітрыю Усманаву, Андрэю Ерахаўцу і Ігару Гуненку: вы ўжо, хлопцы, не падвядзіце, як мага больш зерня прасушыце.

А цяпер пра тых, хто заслужыў цёплых слоў і шчырага выншавання, сапраўдных мужчын-беларусаў. Ужо традыцыйна — і гэта вельмі прыемна — выказаць словы ўдзячнасці хлебаробам за іх нялёгкую працу прыехала старшыня Пружанскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольга Зубкова. Адарыла не толькі каштоўнымі падарункамі, але і пажадала аператарам сушыльнай устаноўкі Дзмітрыю Усманаву, Аляксандру Янушкевічу, Андрэю Ерахаўцу і Ігару Гуненку багатырскага здароўя, далейшых перамог на жніве-2024, годнай заработнай платы і непадробнай радасці ад працы з дня ў дзень.

Працоўныя будні працягваюцца. Расслабляцца няма калі, жніво чакаць не будзе. Гэта разумеюць нашы хлебаробы, за што і выказваем ім велізарны дзякуй.

Вадзім Раўнейка.

Фота Руслана Басака