Цяпер для беларусаў гарачая пара. Ва ўсю стараюцца хлебаробы, нават вячэрнія прыцемкі ім не перашкаджаюць. Вось толькі надвор’е ў апошні час не зусім спрыяе ўборцы. Але ніякія акалічнасці не спыняюць удзельнікаў жніва, якія ўпэўнена ідуць да ўсё новых перамог. Напрыклад, Баранавіцкі раён першым на Брэстчыне намалаціў 100 000 тон зерня. Пружаншчына пакуль на трэцім месцы пасля Століншчыны, у чым значны ўклад хлебаробаў ААТ «Ружаны-Агра».
Але ж нам усё роўна ёсць чым ганарыцца! На мінулым тыдні, у пятніцу, калектыў ЗСК-80 «Калазубы» ААТ «Ружаны-Агра» стаў лідарам не толькі ў раёне, але і на Брэстчыне — хлопцы першыя прасушылі 10000 тон новага ўраджаю!
Каб усё ў жыцці Сяргея Левянкова, Дзмітрыя Лазара, Алега Паўловіча і Андрэя Юрэні складвалася найлепшым чынам, каб сіл фізічных і маральных хапіла яшчэ на доўгія гады. Каб шчырая праца заўсёды прыносіла і задавальненне, і, канечне, добрыя грошы. Каб мары заўсёды спраўджваліся і кожны дзень быў насычаны прыемнымі падзеямі. Такія цёплыя пажаданні адрасавалі пераможцам дырэктар сельгаставарыства Андрэй Босак і старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольга Зубкова. І, зразумела, падарункі, каб гэтая перамога яшчэ доўга помнілася і была стымулам для пакарэння новых працоўных вяршынь.
Будзем з нецярпеннем чакаць новых дасягненняў нашых хлебаробаў на жніве-2024. Удачы ім, сонечных дзён і цярпення!
Вадзім Раўнейка
Фота ААТ «Ружаны-Агра»