Жніво-2021 у «Велікасельскім Агра» ідзе добрымі
тэмпамі. Па колькасці ўбраных плошчаў гаспадарка сярод раённых лідараў. Аснова хуткай і зладжанай работы – людзі і тэхніка. Даверыць апошнюю маладым у сельгаставарыстве не баяцца. І, што самае галоўнае, гэты давер апраўдваецца: першым «тысячнікам» не толькі ў раёне, але і ў вобласці сярод маладзёжных экіпажаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур стаў экіпаж менавіта гэтай гаспадаркі.

Запаветнага выніку Вадзім Кісялевіч і Цімафей Мелеш дасягнулі ў суботу, а ўжо ў панядзелак прама на палетак з віншаваннямі і падарункамі завіталі шматлікія госці.
Словы падзякі ў адрас лідараў жніва гучалі ад старшыні райвыканкама Ю.Ю.Бісуна. «Вельмі прыемна, што вы – першыя «тысячнікі» ў раёне. Яшчэ больш радасна, што гэта першы ў вобласці маладзёжны экіпаж, які намалаціў тысячу тон збожжа новага ўраджаю. Безумоўна, сёння мы ўшаноўваем вас, але ў гэтай перамозе ёсць заслуга ўсяго калектыву гаспадаркі», — падкрэсліў Юрый Юр’евіч.
Маладым камбайнерам кіраўнік раёна пажадаў поспехаў, здароўя, шчасця і, зразумела, яшчэ большых намалотаў.

Павіншаваць «тысячнікаў» прыехаў таксама старшыня абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу А.П.Саланевіч. Як адзначыў Аляксандр Паўлавіч, яму заўсёды радасна ўручаць падобныя ўзнагароды. «Летась першымі «тысячнікамі» сярод маладзёжных экіпажаў былі прадстаўнікі суседняга Драгічынскага раёна. На жніве-2021 гэта пружанцы. І гэта вельмі прыемна!» — сказаў старшыня абласнога прафсаюза. Але нагадаў, што за імкненнем да ўзнагарод і намалотаў не варта забывацца пра ўласнае здароўе і тэхніку бяспекі падчас жніва.

Аляксандр Паўлавіч уручыў Вадзіму і Цімафею Падзячныя лісты і грашовыя ўзнагароды.
Памятныя падарункі камбайнеры атрымалі з рук старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Д.У.Чайкоўскага. Павіншавалі аграрыяў таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Т.А.Вараб’ёва, дырэктар гаспадаркі В.Л.Севасцьянчык. А цудоўным дапаўненнем да шчырых пажаданняў сталі музычныя кампазіцыі ў выкананні жаночага вакальнага гурта «Весялінка» Велікасельскага СДК.

Дарэчы, тым больш ганаровай бачыцца гэтая перамога, што разам на камбайне «Lexion 740» Вадзім Кісялевіч і Цімафей Мелеш шчыруюць толькі першы сезон. Прызнаюцца, што ўзаемаразуменне знайшлі даволі хутка і вырашылі працаваць на вынік і максімальную якасць. Па словах Вадзіма Юр’евіча, пры добрым надвор’і, спраўнай тэхніцы і ўраджайнасці гэтага года за дзень магчыма намалаціць прыкладна да 150 т.

Калі Вадзім Кісялевіч у «Велікасельскім Агра» працуе ўжо восем гадоў, то Цімафей Мелеш прыходзіць у гаспадарку выключна на час жніва. Пастаяннае месца працы – райспажыўтаварыства. Дзве папярэднія ўборачныя Цімафей працаваў на дапрацоўцы збожжа на КЗСВ-40. І вось сёлета паспрабаваў сябе ў якасці памочніка камбайнера.
Для экіпажа гэтая тысяча тон стала першай намалочанай у жыцці. Бу-дзем спадзявацца, што і другая ў камбайнераў не за гарамі.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).