Хаця пажарная служба Беларусі па многіх прыкметах можа параўноўвацца з армейскай, у ёй ёсць некаторыя асабліва ўнікальныя адметнасці. Напрыклад, у дадатак да «баявых» праяў характару, выслугі гадоў, тут шануецца і прафесійная падрыхтоўка. На яе, як зазначае першы намеснік начальніка Пружанскага РАНС Яўген Якаўчук, звяртаюць самую пільную ўвагу. Лозунг «Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца» лічыцца адным з асноўных прынцыпаў пажарнай службы, што пацвярджае прыклад і самога супрацоўніка.

Кар’ерную лесвіцу Яўген Паўлавіч пачынаў на пажарным аварыйна-выратавальным пасту аг. Лыскава. Яшчэ школьнікам неаднаразова і з экскурсіямі, і па ўласнай ініцыятыве бываў у мясцовым супрацьпажарным падраздзяленні. Здаралася, што бачыў пажарных у баявых дзеяннях. Таму і вырашыў у 2009 годзе звязаць сваё прафесійнае жыццё з МНС. Для чаго за тры гады да гэтага пайшоў вучыцца ў Салігорскі горна-хімічны каледж на тэхніка па папярэджанні надзвычайных сітуацый. А пачаў службу на «родным» ПАВП камандзірам аддзялення выратавальнікаў.
Потым быў старшым пажарным на пасту ў г.п. Шарашэва, пажарнай часці г. Пружаны, начальнікам дзяжурнай змены, старшым інжынерам па пытаннях грамадзянскай абароны, што ў выніку яго і прывяло на пасаду першага намесніка начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
— З першых дзён я пераканаўся ў тым, што на пажарнай службе патрэбны не толькі навыкі і фізічная загартоўка. Не менш важнымі з’яўляюцца веды, якія трэба набываць на працягу ўсёй прафесійнай дзейнасці. І такая падрыхтоўка не застаецца неацэненай.
Таму Яўген Паўлавіч і далей працягваў павышаць сваю кваліфікацыю, закончыўшы Гомельскі філіял універсітэта грамадзянскай абароны МНС. Такі прафесійны рост, паступова пераадольваючы кар’ерныя прыступкі з першай і вышэй, ён лічыць самым верным, гэта дае магчымасць асвоіць усе асаблівасці службы, даведацца пра ўнікальныя акалічнасці.
— На маю думку, такое веданне дае падставу для правільных кіраўніцкіх рашэнняў. Асабліва пры рабоце з кадравым саставам. А яшчэ ўласным прыкладам пацвярджаецца перспектыўнасць нашай службы.
Яўген Якаўчук з жонкай выхоўваюць двух дзяцей — старэйшаму сыну нядаўна споўнілася 12 год. І тата перакананы, што адобрыць выбар свайго нашчадка, калі той вырашыць апрануць форму выратавальніка. Хаця, безумоўна, загадае таксама праходзіць увесь прафесійны шлях з абавязковым набыццём адукацыйнай падрыхтоўкі самай вышэйшай пробы.
Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік
