Гэтыя сонечныя дзянькі. Здаецца, радуйся цяплу, адпачывай, падстаўляй твар пад пяшчотныя прамяні. Толькі вось хлебаробам няма калі расслабляцца. Ідзе самая важная для іх работа — жніво. Таму адпачынак гэтым людзям, як кажуць, толькі сніўся. А пакуль што — наперад, да новых перамог на ўборцы-2024! І перамогі, такія шчымлівыя і важныя для кожнага, хто задзейнічаны на жніве, і для раёна ў цэлым, не прымушаюць сябе чакаць.
Новы тыдзень — новыя перамогі, у тым ліку і ў ААТ «Жураўлінае».
Першую прыступку п’едэстала на раённым узроўні заняў сямейны экіпаж у складзе старшага камбайнера Віктара Палішчука і камбайнера Вольгі Палішчук.
Ужо чацвёрты сезон муж і жонка адзінае цэлае не толькі дома, але і на працы, даюць раёну зерня на камбайне «Гомсельмаш GS 2124». А сёлета ўдалося стаць лідарамі, першымі ў раёне сярод сямейных экіпажаў намалаціць 1000 тон. А чаму б і не?! Калі разумеюць адзін аднаго з паўслова, навучыліся за жыццё сямейнае нават вачамі гаварыць.
Палішчукі — простыя і шчырыя людзі, і ў звычайныя працоўныя будні адказныя работнікі, Віктар Іосіфавіч — механізатар у гэтым жа сельгаставарыстве, а Вольга Мікалаеўна працуе ў Кляпацкай сярэдняй школе шэф-поварам.
Паважаныя, жадаем, каб жылося і жыць хацелася, каб на стале ўсяго было ўдосталь, шчасця вам і сіл, вялікай удачы!
А вось з вадзіцелем Анатолем Севасцьянчыкам сустракаемся каля аг. Сухопаль як са старым знаёмым. На працягу сямі гадоў падчас уборкі на адвозцы зерня гэты працаўнік займаў прызавыя месцы, але… у гаспадарцы. А дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам.
Мара Анатоля Лявонцьевіча збылася: ён першы ў раёне адвёз тысячу тон зерня, за што яму была павязана не сіняя, а чырвоная стужка пераможцы! Яе вадзіцель беражліва склаў, каб пакласці ў кабіну свайго «МАЗа», як напамін аб прыемным моманце і стымул для наступных перамог.
Жадаем, каб і дзве, і тры тысячы мяжою не былі!
Шчырых слоў многа не бывае, але і ад падарункаў ніхто не адмовіцца, тым больш калі іх заслужыў. Тады прымайце іх, калі ласка, за сумленную працу, адданасць справе хлебаробаў з рук дырэктара ААТ «Жураўлінае» Аляксандра Пішча і старшыні раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольгі Зубковай. Хай над вамі заўсёды лунае ўдача!
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік