Пятница, 13 июня 2025

Першы госць новай рубрыкі: урач-эпідэміёлаг Анастасія Браніцкая пра выбар прафесіі

693

Вось і наступіў новы навучальны год. Хтосьці толькі пера-ступіў ганак школы і пачуў першы званок. А хтосьці ўжо на “фінішнай прамой” і праз год ці два павінен прыняць лёсавызначальнае рашэнне – абраць будучую прафесію.

Паспрабуем дапамагчы старшакласнікам. Мы пачынаем цыкл артыкулаў пра прадстаўнікоў самых розных прафесій. Маладыя людзі будуць дзяліцца сваімі ўражаннямі ад першага месца працы, расказваць пра сакрэты паступлення, даваць лайфхакі наконт вучобы і нават жыцця ў інтэрнаце.

Першым госцем новай рубрыкі стала ўрач-эпідэміёлаг ДУ “Пружанскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Анастасія Браніцкая.


— Як ты прыйшла да выбару прафесіі?
— Да пачатку 11-га класа я зразумела, што хачу звязаць жыццё з медыцынай. Спачатку марыла стаць педыятрам, пасля — фармацэўтам. Але, каб паступіць вучыцца на фармацэўта, неабходны быў вельмі высокі бал, таму адразу вырашыла шукаць “варыянты”. Так я даведалася пра спецыяльнасць урача-эпідэміёлага, і яна мяне зацікавіла.

— Як праходзіла падрыхтоўка да паступлення?
— У выпускным класе я пачала наведваць рэпетытара па біялогіі (гэта былі індывідуальныя заняткі), а яшчэ разам з групай займалася ў рэпетытара па хіміі. Мне пашанцавала, бо мая бабуля — былая настаўніца рускай мовы, таму гэтым прадметам я займалася з ёю. Лічу, што аднаго года для падрыхтоўкі дастаткова. Таму, калі вы яшчэ ў 9-10-м класе і не вызначыліся з будучай прафесіяй, то не хвалюйцеся: час разабрацца і падрыхтавацца яшчэ ёсць.

— Ці складана было вучыцца?
— Шчыра скажу, што на першым курсе было складана. Здавалася, што выкладчыкі проста выпра- боўваюць нас. Але з кожным днём станавілася ўсё цікавей і цікавей. Аб Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце і яго выкладчыках засталіся толькі самыя цёплыя ўспаміны.
Хачу яшчэ дадаць, што не ўсе мае аднакурснікі працуюць ва ўстановах гігіены і эпідэміялогіі. Ёсць тыя, хто пайшоў у судмедэкспертызу, лабараторыі самых розных накірункаў (ад даследчых да спартыўна-медыцынскіх). Прафесія дазваляе атрымаць даволі шырокую прастору для дзейнасці.

— Што ўваходзіць у твае штодзённыя абавязкі?
— Найперш гэта прафілактыка розных інфекцый. Я пішу артыкулы ў СМІ, праводжу сустрэчы з насельніцтвам, арганізоўваю іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на інфармаванне людзей.
Калі ў раёне выяўляецца нейкая небяспечная інфекцыя, я павінна ўстанавіць усе кантакты таго, хто захварэў, накіраваць іх у бальніцу, правесці тлумачальныя гутаркі, пракантраляваць выкананне рэжыму. Сапраўдным выпрабаваннем у прафесійным плане стаў каранавірус. Даводзілася выяўляць кантакты хворых за два тыдні. Толькі ўявіце, які гэта аб’ём работы! Нават наладжвалі рэйды з супрацоўнікамі РАУС, каб адсачыць выкананне рэжыму самаізаляцыі.
“Адказвае” ўрач-эпідэміёлаг і за вакцынацыю. Так, у 21 стагоддзі даводзіцца тлумачыць бацькам важнасць прышчэпак. Дарослыя людзі не разумеюць небяспечнасць такіх захворванняў як адзёр (корь), воспа, поліяміэліт і інш. Многія кіруюцца такім дзіўным аргументам: “Мы пра іх не чулі. Калі ж імі хто хварэў?”. Вось і тлумачым, што “не чулі” і “не хварэў” толькі дзякуючы масавай вакцынацыі. Складана бывае і з тымі, хто меў кантакт з магчыма шалёнай жывёлай. Людзі адмаўляюцца ад прышчэпкі (а без яе шанцу выжыць пры заражэнні амаль няма) па той прычыне, што ў сувязі з гэтым неабходна адмовіцца ад ужывання алкаголю на паўгода.
У абавязкі ўваходзіць і правядзенне праверак у аб’ектах аховы здароўя, часам прыходзім на дапамогу калегам і правяраем іншыя ўстановы. Хапае і “папяровай” работы.

— Каму б ты параіла абраць такую прафесію?
— Па-першае, у чалавека павінна быць жаданне працаваць у медыцыне. Па-другое, спатрэбіцца цярпенне і ўменне захаваць спакой у любой сітуацыі. Дарэчы, як і для любой іншай прафесіі, якая мяркуе зносіны з людзьмі.
Гутарыла Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.