Для таго, каб перанесціся ў сусвет славянскіх багоў і міфічных істот, цяпер можна не толькі адкрыць падручнік, але… і паглядзець мультфільм! Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» прадставіла першы айчынны 3D-анімацыйны фільм-фэнтэзі «Песня Сірын». У ліку першых, хто ўбачыў карціну, былі і карэспандэнты «раёнкі»: нам пашчасціла стаць удзельнікамі прэс-паказу.

Прэзентацыя анімацыйнага фільма, работа над якім вялася чатыры гады, адбылася ў сераду ў сталічным кінатэатры «Перамога». Прадставіла работу журналістам і кінапракатчыкам рэжысёр-пастаноўшчык і аўтар сцэнарыя Алена Турава. Цікава, што Алена агучвала адразу трох персанажаў.
А іх у фільме — вялікае мноства. Па сутнасці, з дапамогай «Песні Сірын» маленькія гледачы могуць пазнаёміцца з пантэонам славянскіх багоў. Галоўнымі ж дзеючымі асобамі з’яўляюцца школьнікі Мацвей і Дзімка. Першы захапляецца арніталогіяй і вядзе ўласны блог, другі любіць коміксы. Разам хлопчыкі вырашаюць адправіцца на дачу, шлях пралягае праз лес. Раптам сябры бачаць незвычайную птушку. Спрабуючы яе сфатаграфаваць, трапляюць у сусвет славянскіх багоў — Правь, Явь і Навь. Вось тут і пачынаюцца іх сапраўдныя прыгоды: хлопцы дапамагаюць Велесу і Перуну, якіх спрабуе пасварыць багіня смерці Паляндра.

Курыравала праект Міністэрства культуры. Каб увасобіць задуму на экране, працавала вялікая творчая каманда. З некаторымі з гэтых людзей, дзякуючы прэс-паказу, можна было пазнаёміцца асабіста. Іх жа Алена Турава запрасіла на сцэну, прадставіла кожнага. А гэта мастакі, артысты, гукарэжысёры, музыканты і многія іншыя. Напрыклад, аўтарам музыкі да фільма стаў беларускі кампазітар Леанід Шырын. У ліку тых, хто падарыў персанажам свае галасы, вядомыя беларускія артысты. Так, багіню Макош агучыла заслужаная артыстка Беларусі Вера Палякова-Макей. А вось птушка Гамаюн размаўляе голасам спявачкі Жанэт, якую, нагадаем, можна было ўбачыць на «Вытоках» у Пружанах. Не абышлося і без своеасаблівых эксперыментаў. Тую ж Паляндру, жанчыну і галоўнага антаганіста, агучваў мужчына — акцёр, аўтар і выканаўца Анатоль Длускі. Для яго гэта ўжо другі такі вопыт. Працавала над фільмам і славутая рэдактар Ізольда Кавэлашвілі, вядомая па знакамітых «Прыгодах Бураціна», якая пайшла з жыцця летась. Паўдзельнічалі ў праекце і дзеці. Іх галасамі гавораць Мацвей і Дзімка, а таксама ваўчаня Юху.
Рэжысёр Алена Турава падчас прэс-паказу выказала ўпэўненасць, што беларуская міфалогія можа і павінна стаць нашым нацыянальным брэндам, а першы анімацыйны фільм, магчыма, у кагосьці з дзяцей выкліча цікавасць да яе далейшага вывучэння. Ці будзе працяг? Усё якраз і залежыць ад рэакцыі і цікавасці аўдыторыі.
Прызнацца, мяне асабіста карціна і здзівіла, і парадавала. Парадавала тым, наколькі карпатліва працавала над ёй каманда. Да прыкладу, для большага разумення сюжэтнай лініі выкарыстаны 2D-устаўкі з тлумачэннямі для гледачоў. А яшчэ асабіста я заўважыў адсылку не толькі да міфічных персанажаў, але і фільмаў пра знакамітага Гары Потара. Справа ў тым, што ў «Песні Сірын» ёсць злыя балотныя духі, якія баяцца святла, уласна, як і гарыпотараўскія дэментары.
Здзівіла і тое, наколькі многа ў фільме герояў. Магчыма, для дзіцяці-першакласніка (а фільм мае ўзроставае абмежаванне 6+), запомніць іх будзе цяжкавата. Ды і працягласць стужкі — 85 мінут — можа стаміць. Таму, як здаецца, мультфільм больш зацікавіць дзяцей 11-12 гадоў. У любым выпадку, праведзеная айчыннай кінастудыяй «Беларусьфільм» работа заслугоўвае вялікай павагі.
І ў адным упэўнены абсалютна дакладна: чым сто разоў чытаць пераказ сюжэта, лепш адзін раз убачыць. Прэм’ера анімацыйнага фільма ўжо сёння 28 кастрычніка.
Як паведамілі ў пружанскім «Спадарожніку», паглядзець стужку можна будзе і ў нашым горадзе. Паказы тут стартуюць з 2 лістапада, таму сачыце за афішай на сайце spadarozhnik.by, у групе кінатэатра «УКантакце», акаўнце ў Instagram і на відэапанелі, што ў цэнтры горада. І прыходзьце на прэм’еру!
Уладзіслаў Шпарла
Фота Кацярыны Масік
