Воскресенье, 6 октября 2024

Першы абласны конкурс «Педагог сацыяльны года» прайшоў у Пружанах. У ліку пераможцаў — Сняжана Аніська з СШ №4!

336

30 сакавіка ў Палацы культуры прайшоў першы абласны конкурс «Педагог сацыяльны года». Арганізавалі яго галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і ДУА «Брэсцкі абласны сацыяльна-педагагічны цэнтр» для таго, каб павышаць эфектыўнасць работы ўстаноў адукацыі па сацыяльна-педагагічнай падтрымцы вучняў, вывучаць і распаўсюджваць перадавы вопыт работы ў галіне, заахвочваць і прафесійна стымуляваць спецыялістаў.

Наш горад у якасці гледачоў конкурсу наведала больш за 350 дэлегатаў з рэгіёнаў Брэстчыны. У Палацы культуры гасцей сустракала выстава, падрыхтаваная спецыялістамі ў галіне адукацыі Пружанскага раёна. Настаўнікі і вучні розных адукацыйных устаноў прадставілі ўвазе дэлегацыі свой лепшы вопыт, сур’ёзныя дасягненні ў праектнай, даследчыцкай дзейнасці. Наведвальнікі выставы былі прыемна здзіўлены прапанаванымі матэрыяламі і паабяцалі, што перанясуць атрыманы карысны досвед у сваю педагагічную практыку.

Да слова, ва ўсіх тыпах устаноў адукацыі Брэсцкай вобласці працуе больш за 630 сацыяльных педагогаў, больш за 70 прыняло ўдзел у конкурсе. Праводзіўся ён на працягу чатырох месяцаў, у ходзе якіх педагогі сацыяльныя прадстаўлялі вопыт сваёй дзейнасці, пісалі эсэ на педагагічную тэму, праводзілі адкрытыя мерапрыемствы, праходзілі гутаркі з членамі журы. У фінал абласнога конкурсу выйшла 12 лепшых прадстаўнікоў прафесіі, у іх ліку — педагог сацыяльны СШ № 4 г. Пружаны Сняжана Аніська.

Канкурсантаў і балельшчыкаў прывітала начальнік аддзела па адукацыі Пружанскага райвыканкама Ірына Казарэз. Яна падкрэсліла значнасць і запатрабаванасць прафесіі педагога сацыяльнага, пажадала ўдзельніцам максімальнага праяўлення на сцэне і ўпэўнена заявіла, што кожная з іх ужо з’яўляецца пераможцай.

У зале Пружанскага Палаца культуры педагогі сацыяльныя спаборнічалі ў двух конкурсных выпрабаваннях: візітка «Адзін дзень з жыцця педагога сацыяльнага» і дамашняе заданне «Педагагічны кейс».

Трэба адзначыць, што свой пераможца вызначаўся асобна для кожнага тыпу адукацыйнай установы: лепшы педагог сацыяльны ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, сацыяльна-педагагічнай установы, установы спецыяльнай адукацыі.

Прадстаўніца нашага раёна Сняжана Аніська спаборнічала за перамогу ў намінацыі «Лепшы педагог сацыяльны ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі» з Вольгай Басалай («Сігневіцкая СШ» Бярозаўскага раёна) і Вікторыяй Біза (СШ № 1 г. Ляхавічы).

У ходзе жараб’ёўкі Сняжана Іванаўна выцягнула першы нумар: давялося пачынаць конкурс, але, нягледзячы на хваляванне, яна выступіла арыгінальна і яскрава.

— Садоўнік вырошчвае кветкі, педагог сацыяльны клапоціцца пра юнае пакаленне. Усе дзеці розныя, падобныя на разнастайныя кветкі. Адны — калючыя, як ружы, але яскравыя і ганарлівыя; другія — сарамлівыя, як незабудкі, але мілыя і пяшчотныя. Каб кветкі сталі букетам, а дзеці ў далейшым — годнымі людзьмі, ім патрэбны клопат, асаблівыя ўмовы і любоў, — завяршыла візітку Сняжана Аніська.

Педагог сацыяльны з СШ № 4 г. Пружаны і з дамашнім заданнем справілася на выдатна! Разам з групай падтрымкі ў складзе пружанскіх настаўнікаў яна падрыхтавала жартаўлівую сцэнку. Сюжэт быў узяты, што называецца, з практыкі: Сняжана Іванаўна рознымі сродкамі спрабуе перавыхаваць непаслухмянага вучня. Прадстаўленне атрымалася смешным, злабадзённым, таму і спадабалася публіцы.

Журы ў складзе сямі кампетэнтных спецыялістаў таксама адзначыла старанні, творчы падыход, адказнае стаўленне нашай зямлячкі да свайго выступлення. У выніку Сняжана Аніська стала пераможцай у сваёй намінацыі.

Сярод сацыяльных педагогаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі першай стала Юлія Храмко (Высокаўскі дзяржаўны аграрны каледж). Ірына Валасюк (Драгічынскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр) заваявала перамогу як прадстаўніца сацыяльна-педагагічнай установы, а Таццяна Бегеза (Маларыцкі раённы дзяржаўны цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі) названа лідарам сярод педагогаў сацыяльных устаноў спецыяльнай адукацыі.

Шчыра віншуем усіх пераможцаў і жадаем дасягнення новых вышынь!

Юлія Янушка. Фота аўтара і Кацярыны Масік

Фотаальбомы з конкурсу: https://vk.com/album-23306785_292131923 і https://ok.ru/budni/album/958510182536