У канцы мая, калі праходзяць апошнія званкі і выпускныя вечары ў школах, мы часта ўзгадваем свае выпускныя ўрачыстасці. Калі бачым падлеткаў з кветкамі ў руках, са стужкамі «Выпускнік», міжволі ахутвае хваля настальгіі па школьных гадах. Але чамусьці не так часта ў нашай свядомасці ўсплываюць выпускныя ў дзіцячых садках. Хаця, па сутнасці, гэта першы маленькі крок у дарослае жыццё… 30 мая яго зрабілі 26 выхаванцаў старэйшай групы дзіцячага сада № 3 г. Пружаны.

Пачэснае права даць старт выпускному тут належала загадчыцы садка Наталлі Пашкевіч. Пад гучныя апладысменты ў залу ўвайшлі вельмі сур’ёзныя хлопчыкі і дзяўчынкі. Кожны з выхаванцаў быў прадстаўлены публіцы асабіста, для ўсіх дзетак знайшоўся асобны эпітэт, які выдатна характарызаваў асобу выпускніка.

Увогуле сцэнарый урачыстасці, падрыхтаваны музыкальным кіраўніком Таццянай Сёмухай, быў прадуманы да дробязей. Цудоўна спявалі і танцавалі дзеці (выканалі нават развітальны вальс), якасна ігралі свае ролі акцёры, кранальныя словы віншавання знайшлі бацькі і выхавальнікі.

Напрыканцы мерапрыемства Наталля Уладзіміраўна ўручыла выпускнікам дыпломы і пажадала ўпэўнена і смела крочыць па лесвіцы ведаў.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з выпускнога: https://vk.com/album-23306785_293434030 і https://ok.ru/budni/album/962084251016