Воскресенье, 12 января 2025

Першы ў раёне ваенна-патрыятычны клуб «Віраж» адкрылі ў Ліноўскай СШ (+многа фота)

316

На мінулым тыдні ў Ліноўскай школе прайшло ўрачыстае мерапрыемства з нагоды адкрыцця ў гэтай навучальнай установе першага ў раёне школьнага ваенна-патрыятычнага клуба. Ініцыятарамі стварэння такога аб’яднання выступілі вайскоўцы з в/ч 23324 г. Бяроза. Як паведамляе камандзір гэтага армейскага падраздзялення Аляксей Бардадынаў, было вырашана напрамую заняцца патрыятычным выхаваннем падрастаючага пакалення, з нагоды чаго і звярнуліся па дапамогу ў Пружанскі райвыканкам.

— Там нам прапанавалі наладзіць адпаведнае супрацоўніцтва з Ліноўскай школай, калектыў і вучні якой ахвотна сустрэлі прапанову і актыўна заняліся вырашэннем арганізацыйных пытанняў, — расказаў Аляксей Віктаравіч.

На ўрачыстасці ініцыятары і, як высветлілася, галоўныя выхавальнікі прывезлі форму для дзяцей і адпаведную атрыбутыку клуба і яго членаў. Было вырашана назваць гэту суполку — ВПК «Віраж», пра што сведчыць і лагатып клуба, і нагрудныя значкі кожнага яго ўдзельніка.

Узрост жадаючых уступіць у каманду не абмяжоўваецца, членства заканчваецца толькі з апошнім школьным званком. Уступіць у шэрагі «віражаўцаў» могуць не толькі хлопцы, але і дзяўчаты.

У будучым, па словах намесніка камандзіра Ільі Янчанкі, запланаваны нямала даволі цікавых і незвычайных мерапрыемстваў, падчас якіх і дзеці будуць наведваць вайсковую часць у Бярозе, і выхавальнікі будуць прыязджаць у школу. Мяркуецца праводзіць заняткі па фізічнай і маральна-псіхалагічнай падрыхтоўцы, ладзіць патрыятычныя сустрэчы і нават навукова-гістарычныя даследаванні ратных падзей часоў Вялікай Айчыннай вайны.

— Нам неабходна так наладзіць работу, каб словы «гонар», «патрыятызм» і «годнасць» сталі для цяперашняй моладзі галоўнымі жыццёвымі арыенцірамі, — падкрэсліла дырэктар навучальнай установы Алена Макарэвіч.

А вось намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч звярнуў увагу на тое, што «першынство» накладвае і пэўныя абавязацельствы.

— Вы павінны стаць прыкладам для іншых школьнікаў, якія вырашаць пайсці па вашым шляху. Добрым прыкладам, вартым для пераймання, — зазначыў Руслан Васільевіч.

Больш таго, такое членства дае пэўныя перавагі, пра якія прысутным расказаў ваенны камісар раёна Кірыл Шаўчэнка. У прыватнасці, навучанне дысцыпліне, правільнаму ўспрыманню інтарэсаў Радзімы і сапраўдны патрыятызм вітаецца пры паступленні ў армейскія навучальныя ўстановы. У чым ад ваенкамата будзе аказана ўсемагчымая падтрымка.

Па статуту ваенна-патрыятычных арганізацый першым дзеяннем уступлення ў агульную каманду лічыцца прысяга. Перад гэтым кіраўніку клуба Алегу Бяскроўнаму быў уручаны сцяг «Віража». Потым кожны з «віражаўцаў» шчыра абяцаў захоўваць памяць аб подзвігах сваіх продкаў, любіць Беларусь і рабіць толькі тыя справы, што стануць павялічваць гонар яго Радзімы. І толькі пасля такога абяцання хлопцы і дзяўчаты атрымлівалі нагрудны знак прыналежнасці да каманды.

З гэтым напрыканцы мерапрыемства іх павіншаваў айцец Аляксандр Мялешка, настаяцель Аранчыцкай Крыжаўзвіжанскай царквы, які пажадаў не забывацца і пра веру, якая для беларусаў з’яўляецца яшчэ адным з асноўных складаемых патрыятызму.

— У будучым, упэўнены, мы пачуем пра вас нямала прыемных навін, якімі будуць ганарыцца не толькі бацькі, але і школа, — выказаў свае спадзяванні святар. І да такіх пажаданняў, бясспрэчна, далучыліся ўсе прысутныя ў зале.

Алег Сідарэнка. Фота аўтара

Фотаальбомы глядзіце па спасылках: https://vk.com/album-23306785_298758449 і https://ok.ru/budni/album/970059219592