Суббота, 5 октября 2024

Першы ў раёне ваенна-патрыятычны клуб міліцэйскай накіраванасці «Пушча» адкрылі ў пружанскай СШ № 1 імя ЧБВА

230

На гэтым тыдні, 2 красавіка, у СШ № 1 імя ЧБВА прайшла цырымонія адкрыцця ваенна-патрыятычнага клуба «Пушча». У Пружанскім раёне гэта ўжо не першае падобнае школьнае аб’яднанне, аднак і ў яго ёсць свая ўнікальная рыса.

Справа ў тым, што ініцыятарам стварэння такой арганізацыіі выступілі пружанскія праваахоўнікі, з-за чаго патрыятычны клуб «Пушча» мае міліцэйскую прафарыентацыйную накіраванасць. Трэба дадаць, што міліцыянеры Брэсцкай вобласці разам з органамі дзяржаўнага кіравання і педагагічнымі калектывамі летась адкрылі 11 аналагічных ваенна-патрыятычных клубаў. І, па словах начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама Алега Шулякоўскага, ужо відавочна эфектыўнасць гэтай работы, у сувязі з чым яна будзе працягнута з такім намерам, каб у кожным райцэнтры Брэстчыны былі падобныя аб’яднанні.

І хаця Пружаны не трапілі ў самы пачатак абласнога спіса, для нашага райцэнтра такая падзея знакавая. Менавіта гэта падкрэсліў у сваім выступленні на цырымоніі адкрыцця старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч.

— Выхоўваць сапраўдных патрыётаў — годная мэта, па дасягненні якой наша грамадства атрымае адданых абаронцаў, адказных грамадзян, — зазначыў Міхаіл Міхайлавіч. — А яшчэ тут куецца моцнае сяброўства, якое дапаможа маладому пакаленню ў дарослым жыцці.

Ваенна-патрыятычны клуб «Пушча» СШ № 1 імя ЧБВА аб’яднаў 19 падлеткаў. Юнакі і дзяўчаты прысягнулі на вернасць Радзіме і прынеслі клятву добра вучыцца, весці здаровы лад жыцця і быць прыкладам сапраўдных грамадзян для навакольных. Сімвалічна, што ўрачыстасць адбылася 2 красавіка, калі ўжо 17 гадоў запар адзначаецца Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Менавіта агульная гісторыя дзвюх краін стала трывалым падмуркам, на якім заснавана наша братэрства. І маладому пакаленню трэба ўмацоўваць гэту аснову, а часам і ахоўваць яе ад наўмысных замахаў жадаючых разбурыць. І каб нашы нашчадкі мелі дзейсную зброю супраць тых, хто імкнецца перапісаць чорнымі фарбамі беларуска-расійскую гістарычную мінуўшчыну, трэба навучыць іх разуменню рэчаіснасці, уменню аналізаваць і бачыць розніцу паміж чорным і белым.

Такія мэты і ставяцца ў рабоце клуба «Пушча», з такім ухілам будуць праводзіцца адпаведныя мерапрыемствы, пра што ў сваіх прамовах зазначылі намеснік начальніка УУС аблвыканкама Максім Субота і дырэктар навучальнай установы Святлана Станкевіч. Чакаецца, што клуб стане сур’ёзным прафарыентацыйным аб’яднаннем, выхаванцам якога будуць прапанаваны розныя заняткі прававой накіраванасці, а таксама экскурсіі, паходы і шмат іншага. Комплексны выхаваўчы падыход дазволіць падлеткам не толькі вызначыцца з будучай прафесіяй, але і стаць годнымі «будаўнікамі» сваёй краіны.

Максім Субота ўручыў «пушчанцам» членскія пасведчанні, а яшчэ падарыў ад міліцыянераў вобласці спартыўны інвентар. З урачыстай нагодай падлеткаў павіншавалі начальнік райаддзела міліцыі Ігар Амельянчук і іншыя госці. А протаіерэй Ігар Мрыхін адзначыў, што касцяком новага клуба выступіў клуб «Каўчэг», які працяглы час дзейнічае ў першай гарадской школе. А гэта даказвае, што і духоўнасць непарыўна звязана з патрыятызмам. Таксама словы віншавання сваім калегам выказалі члены ваенна-патрыятычнага клуба (але ўжо армейскай накіраванасці) «Віраж» з Ліноўскай школы і вучні патрыятычнага клуба «Патрыёт» з СШ № 5. Будзем спадзявацца, што паміж імі наладзіцца шчыльны кантакт, што дапаможа працаваць разам і з большай карысцю.

Напрыканцы ўрачыстасці для школьнікаў была арганізавана цікавая выстава, якая складалася з некалькіх частак. Першая экспазіцыя выстаўлялася каля школьнага ганка і складалася са спецыяльных аўтамабіляў сілавых структур.

Другая змяшчала ўзоры ваеннага ўзбраення, якое дэманстравалі прадстаўнікі Брэсцкага атрада міліцыі асаблівага прызначэння. У трэцяй экспазіцыі была наладжана інтэрактыўная магчымасць — кожны жадаючы мог прымерыць на сябе міліцэйскае абмундзіраванне.

Пасля афіцыйнай часткі госці мерапрыемства прынялі ўдзел у перарэзванні чырвонай стужкі каля дзвярэй асобнага кабінета клуба «Пушча». Там жа прайшла прыватная гутарка з «пушчанцамі». У прыватнасці, прадстаўнік абласнога ўпраўлення МУС РБ паведаміў, што ў членаў ваенна-патрыятычнага клуба ёсць нядрэнныя перспектывы для далейшага паступлення ў міліцэйскія навучальныя ўстановы і проста пры прыёме на службу.

Таму варта разлічваць на тое, што шэрагі гэтага школьнага аб’яднання будуць расці, а пра саміх яго ўдзельнікаў мы яшчэ неаднойчы пачуем у бліжэйшай будучыні.

Алег Сідарэнка.

Фота Кацярыны Масік

Больш фота — у альбомах: https://vk.com/album-23306785_302159620 і https://ok.ru/budni/album/977017004424