Калі моцна пастарацца, то любыя рэкорды на жніве стануць магчымымі. Як гэта атрымалася ў старшага камбайнера Мікалая Бірука і камбайнера Міхаіла Фядотава з ААТ «Жураўлінае».
Ці лёгка цяпер даводзіцца нашым хлебаробам? Пытанне нават адказу не патрабуе. Адвеку праца падчас уборкі была і заўсёды будзе цяжкай. Жніво не церпіць гультаёў, халатнасці і абыякавасці. А яшчэ ж хочацца паказаць добры вынік, больш перавезці зерня, прасушыць, намалаціць. І тут хлебаробы нашага раёна могуць пахваліцца значнымі рэзультатамі.
Напрыклад, падчас мінулагодняй уборкі маладзёжны экіпаж у складзе старшага камбайнера Аляксандра Сямашкі і камбайнера Цімафея Мелеша з ААТ «Велікасельскае Агра» на камбайне «Lexion 750» змог узяць планку ў 3000 тон.

А што, у астатніх гаспадарках Пружаншчыны няма хлебаробаў, якія б змаглі паказаць такі ж вынік? Ёсць, да прыкладу, у ААТ «Жураўлінае»! На мінулым тыдні такую ж лічбу выдалі старшы камбайнер Мікалай Бірук і камбайнер Міхаіл Фядотаў. Вось яны, сапраўдныя мужыкі, цягавітыя беларусы! Удвая прыемней, што для гаспадаркі гэта першыя за яе гісторыю трохтысячнікі. Ды яшчэ экіпаж даказаў, што дамагчыся перамогі можна і на айчынным камбайне «GS 2124», умеюць і ў нашай краіне рабіць тэхніку на сумленне, якасна.
З чаго ж складаецца перамога? З карпатлівай працы: уставай раней за сонца, трымай заўсёды ў спраўнасці даручаную тэхніку і лажыся спачываць бліжэй да поўначы. Будзь сапраўдным гаспадаром на сваёй зямлі, клапаціся аб ёй і любі.
Канечне, вельмі прыемна, калі твае працоўныя перамогі бачаць і радуюцца за цябе — не перавяліся на Беларусі людзі справы! Таму і прымалі віншаванні, падарункі і прыгожую песню ад чароўных дзяўчат з Мокраўскага СДК Мікалай Бірук і Міхаіл Фядотаў на палетку каля вёскі Жадзены. Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і яго першы намеснік — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Глушко выказалі спадзяванне, што тры тысячы для такіх бравых хлопцаў зусім не мяжа, а чарговая прыступка да новых працоўных здзяйсненняў. Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч пажадаў камбайнерам моцнага здароўя, годна завяршыць сёлетняе жніво, быць заўсёды прыкладам як у працы, так і ў сямейным жыцці. Ад імя кіраўніцтва сельгаставарыства Аляксандр Іванавіч уручыў кожнаму сертыфікат на два чалавекі на супершоу «Дыскатэка СССР» у «Мінск-Арэне» — бяры жонку і весяліся ад душы, заслужыў! Спакою на душы, толькі светлых думак і грошай паболей — пажаданні ад старшыні раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольгі Зубковай.
Фота на памяць. Сваіх герояў жніва мы павінны ведаць у твар. Бо яны, а не хто іншы, забяспечваюць Беларусь хлебам, даюць упэўненасць у тым, што ў нашай краіне ўсё будзе добра, бо мы моцныя духам і ўсё нам пад сілу.
Вадзім Раўнейка.
Фота Уладзіслава Шпарлы
Больш фотаздымкаў глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_303606551 і https://ok.ru/budni/album/981716212104