Пятница, 14 июня 2024

Першая перамога нашых футбалістаў у гэтым сезоне

180

Адбыўся матч чацвёртага тура чэмпіянату Брэсцкай вобласці па футболе паміж камандамі «Пружаны» і «Жабінка». Хатняя гульня для нашай каманды адбылася ўвечары 26 мая.

З самага пачатку матча нашы гульцы забралі ініцыятыву ў свае рукі. Не прайшло і 10 мінут, як ля варот саперніка пачалі з’яўляцца небяспечныя моманты. І ўжо на 15 мінуце матча колькасць такіх момантаў перарасла ў якасць. Капітан нашай каманды Раман Самасюк атрымаў нядрэнную перадачу ад свайго партнёра, пасля чаго адважыўся на ўдар, які стаў галявым і здолеў змяніць лік на табло. Пасля чаго малюнак гульні не памяняўся. Больш вастрыні, як і раней, было каля варот каманды з Жабінкі. Толькі некаторыя контратакі гасцей маглі прывесці да невялікай небяспекі каля нашых варот, але да галявога моманту справа так і не даходзіла. З лікам 1:0 каманды пайшлі на перапынак.

У другім тайме футбалісты з Пружан працягнулі штурмаваць вароты гасцей, што прынесла свой плён. На 50-й мінуце пасля падачы з вуглавога мяч праляцеў міма некалькіх гульцоў і «знайшоў сваю галаву»: самотна пакінуты ў штрафной плошчы Антон Пашкевіч перавёў яго ў сетку варот саперніка. Радасці балельшчыкаў не было мяжы. Здавалася, што нашыя гульцы могуць замахнуцца і на разгромную перамогу. Але ўсе гэтыя здагадкі былі перакрэсленыя на 75-й мінуце, калі за фол супраць нападаючага з Жабінкі ў нашы вароты быў прызначаны пенальці. З ударам з 11-метровай адзнакі ў цудоўным скачку справіўся варатар каманды «Пружаны» Міхаіл Онахаў. Але радасць была нядоўгай… Суддзя папрасіў перабіць пенальці. Прычынай гэтаму стаў выхад варатара абодвума нагамі за стужачку варот. З паўторным ударам Міхаіл не справіўся, хаця і быў да гэтага вельмі блізкі. У выніку 2:1 да 76-й мінуты прымусілі занервавацца, і на гэта былі важкія прычыны. Але ўжо на 81-й мінуце Аляксандр Протас пасля прастрэлу забіў трэці гол, што не магло не выклікаць буру эмоцый на трыбуне. Лік 3:1 на табло захаваўся да фінальнага свістка, які азнаменаваў першую перамогу нашай каманды ў гэтым сезоне. Брава, хлопцы, так трымаць!

У паралельных матчах нашай групы было зафіксавана дзве галявыя нічыі. Так у галявой перастрэлцы «Маларыта» і «Фармат» не выявілі пераможцу і скончылі матч з лікам 3:3. А «Драгічын» у сябе дома вёў да 90-й мінуты з лікам 1:0 матч з «Камунальнікам» з Белаазёрска, але напрыканцы гульні госці здолелі ўсё ж такі забіць свой гол. Атрымалася нічыя — 1:1.

Пасля 4-га тура размяшчэнне каманд у нашай групе выглядае наступным чынам:

Зыходзячы з дадзеных турнірнай табліцы, можна ўбачыць,
што толькі ў адной каманды згуляна чатыры гульні пасля чатырох тураў, а ў астатніх — менш. Усе каманды, акрамя «Жабінкі», па розных прычынах прапусцілі мінімум па адной гульні. Гэтыя матчы будуць згуляны ў рэзервовы дзень, папярэдне — у першай палове чэрвеня.

Руслан Басак. Фота аўтара