Валянціна Аляксандраўна Разанка — першы прадпрымальнік у аг.Роўбіцк. А першаму заўсёды цяжка, незалежна ад таго, чым ты вырашыў займацца — продажам цукерак ці аўтамабіляў. Невядомасць і адсутнасць бізнес-вопыту ў такіх выпадках заўсёды палохаюць. Але жанчына адважылася на змены ў жыцці. І сёння маленькі, але вельмі ўтульны ларок “Валянціна” з’яўляецца сапраўдным брэндам аграгарадка.

Журналісты “раёнкі” пераканаліся на свае вочы, што гэтая маленькая кропка продажу бакалейнай прадукцыі карыстаецца вялікім попытам у вяскоўцаў.
— Прадаю ўсё самае неабходнае. Мука, цукар, макароны і, вядома ж, прысмакі будуць заўсёды патрэбны спажыўцу, — кажа жанчына.
А пачынала яна свой бізнес практычна з нуля. Пасля закрыцця мясцовага цагельнага завода, дзе працавала шмат гадоў, трэба было шукаць прымяненне сваім ведам і сілам. Балазе, у свой час пасля заканчэння Гродзенскага гандлёвага тэхнікума некаторы час яна спасцігала эканоміка-фінансавыя асновы ў бухгалтэрыі мясцовай гаспадаркі. Таму, калі засталася без работы, параілася з дзецьмі і…
— Не сядзець жа і не сівець на канапе ў чаканні пенсіі! Я ўсведамляла, што для рэалізацыі любой, нават самай дробнай, ідэі неабходна, перш за ўсё, рэзка павярнуць ключ ва ўласным “замку запальвання”, інакш нічога не атрымаецца.
У 2012 годзе Валянціна зарэгістравалася ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і стала “віць” сабе працоўнае гняздзечка.
— Субсідыю ў дзяржавы не брала, паколькі баялася, што ў выпадку няўдачы асабістага праекта не будзе чым яе вяртаць. Разлічвала толькі на свае сілы і сродкі, якіх, прызнацца, было недастаткова. Таму маленькі павільён будавала на працягу двух гадоў. Безумоўна, пэўны час спатрэбіўся і на афармленне ўсёй неабходнай дакументацыі. Але адступаць не было куды. Нават успамінаць не хочацца, як было цяжка, — прызнаецца жанчына.
У яе двое дзяцей і ўжо чацвёра ўнукаў, таму было і ёсць, дзеля каго рызыкаваць. Дарэчы, у жніўні Валянціна Аляксандраўна атрымала статус пенсіянеркі. Цяпер у яе ёсць дадатковая падмога і нарэшце, як прызнаецца раптам, упэўненасць у заўтрашнім дні.
— Сапраўды, да гэтага часу ўпэўненасці не было, якім бы стабільным ні быў бізнес (калі гэта бізнесам можна назваць) і як бы добра людзі да мяне ні ставіліся.
А Валянціну Разанка ў Роўбіцку аднавяскоўцы шануюць. Калі два з паловай гады таму з ёй здарылася бяда, хвароба прыкавала на час да ложка, то ў бальніцы яе наведвалі адзін за адным.
— Урач, гледзячы на гэта, смяяўся, маўляў, увесь Роўбіцк у палаце пабываў, — усміхаецца жанчына. — Ведаеце, які самы каштоўны ўрок у прадпрымальніцкай дзейнасці я вынесла за гэтыя дзевяць гадоў? Трэба заставацца чалавекам заўсёды і з усімі: як з пакупнікамі, так і з падатковай і санітарнай службамі. Быць сумленным і выконваць усе патрабаванні. Ніхто не імкнецца “караць”. Ва ўсякім разе, на маім шляху сустракаліся толькі добразычлівыя людзі, гатовыя дапамагчы. Таму і тлее дагэтуль мой уласны агеньчык прыватнага бізнесу. Так што адважвайцеся, людзі, на перамены ў жыцці! Было б толькі жаданне — усё атрымаецца!
Алена Зялевіч
Фота Кацярыны Масік