Вторник, 13 мая 2025

Першамай — свята пакаленняў

851

Практычна для кожнага з нас Дзень працы — сапраўднае свята пакаленняў. Памятаю сябе яшчэ выхаванцам дзіцячага садка, калі сядзеў на руках у таты на прыгожа прыбраным грузавіку. Школьнікам з рознакаляровымі шарамі на дэманстрацыі, падлеткам са святочнымі сцягамі. І дарослым, калі заслужана адзначаю Дзень працы, як адзін з грамадзян нашай краіны, які пачэснай працай уносіць свой уклад у росквіт нашай краіны.

А яшчэ Першамай аб’ядноўвае пакаленні, усіх тых, хто выступае за мірную і толькі стваральную працу, за дасягненні каля школьнай дошкі, у станка, у полі ці на ферме. Што яскрава праявілася падчас урачыстасці святкавання 1 Мая, якое прайшло на гарадской плошчы. Тут сабралася нямала людзей — ад дашкалят, моладзі да сталых ветэранаў, якія ўжо на заслужаным адпачынку.

Адкрыў святочнае мерапрыемства старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які павіншаваў усіх жыхароў раёна з Першамаем і зазначыў, што народныя традыцыі, цырымоніі і святы яскрава адлюстроўваюць той уклад, якім жыве краіна, якое будучае чакае яе грамадства.

— І ніхто не скажа пра беларусаў, што яны рыхтуюцца да выпрабаванняў на полі бою,— падкрэсліў Міхаіл Міхайлавіч.— У нас іншыя прыхільнасці. Мы шануем толькі герояў працы, хто будуе і ахоўвае мір!

Пацвярджэннем слоў старшыні райвыканкама стала ўзнагароджанне кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў, сельгаставарыстаў і навучальных устаноў, якія ў 2024 годзе паказалі лепшыя вынікі ў дзейнасці для сацыяльна-эканамічнага росту Пружаншчыны.

Таксама Міхаіл Грышкевіч уручыў сертыфікаты, якія, згодна з рашэннем райвыканкама ад 17 сакавіка 2025 г. №580, пацвярджаюць занясенне на раённую Дошку гонару лепшых работнікаў. Высокія ўзнагароды атрымалі больш за 20 прадстаўнікоў працоўнага пула Пружанскага раёна. Тыя, каго можна заслужана назваць прыкладам для іншых, доказам таго, што няма такіх вяршынь, якія нельга адолець пачэснай працай. Нехта вучыць дзяцей, іншыя змагаюцца за здароўе пацыентаў, трэція працуюць на дабрабыт. А ёсць і тыя, хто клапоціцца пра настрой, паралельна захоўваючы нашы спрадвечныя традыцыі. Як Людміла Яроцкая, якая працяглы час працуе ў Навасёлкаўскім СДК: на святочнай сцэне яна атрымала пасведчанне аб прысваенні ёй звання «Народны майстар».

Дарэчы, у айчынным працоўным заканадаўстве ёсць нямала норм, якія можна аднесці да біблейскіх запаветаў. Напрыклад, кожны работнік выдатна ведае, што да яго будуць ставіцца так, як ён адносіцца да сваіх абавязкаў. Разам з тым дзяржава стварае, клапоціцца і строга кантралюе бяспечныя ўмовы працы. Нават праводзяцца конкурсы на лепшую арганізацыю нормаахоўных мерапрыемстваў, не выключэнне і наш раён. У прыватнасці, падчас першамайскай урачыстасці былі падведзены вынікі агляду-конкурсу на лепшыя намаганні ў галіне аховы працы, пераможцы якога атрымалі адпаведныя дыпломы ад намесніка старшыні райвыканкама Святланы Ханавец.

Афіцыйную частку змяніла забаўляльная, якая па традыцыі прайшла ў выглядзе «Парада прафесій». На гэты раз здольнасці сваёй галіны, здабыткі і, зразумела, самыя прыцягальныя бакі дэманстравалі педагогі і юныя міратворцы дзіцячага садка №2 г. Пружаны, аграрыі ААТ «Мурава», работнікі Пружанскага раёна газазабеспячэння і санаторыя «Ружанскі». І ўсім удалося захапіць аўдыторыю, пакінуць у памяці трывалыя «якары», якія яшчэ доўга будуць успамінацца.

Як і фінальная песня, якую можна назваць гімнам Пружанскага Першамаю, у выкананні актыўных прадстаўнікоў нашага раёна.

Меркаванні ўзнагароджаных:

Мікалай Заянчкоўскі, начальнік штаба райаддзела міліцыі:
— За 19 гадоў службы ў мяне сабралася ўжо нямала ўзнагарод, сярод якіх сертыфікат аб занясенні на раённую Дошку гонару зойме самае пачэснае месца. Гэта і асабісты гонар, і задавальненне, што наша служба запатрабавана грамадствам і не застаецца незаўважнай. Таму што я — не першы міліцыянер, так высока адзначаны. Спадзяюся, што сваёй службай мы падтрымаем такую традыцыю ў будучым.

Марына Панова, начальнік тэхнічнага аддзела ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў»:
— За мінулы з 1984 года час завод стаў для мяне маім жыццём. Усё ўспамінаецца, добрае-дрэннае. Але прыемна, што завадчане ніколі не здаваліся, знаходзілі сілы пераадолець бездань і зноў рухацца наперад. Дык вось прагназую, што на раённай Дошцы гонару яшчэ будуць іншыя прадстаўнікі ААТ «ПЗР», бо прэтэндэнтаў на гэта ў нас нямала працуе.

Вольга Севасцьянчык, начальнік МТК «Клепачы» ААТ «Жураўлінае»:
— Тры з паловай гады я ўзначальваю гэта падраздзяленне і з гонарам адзначу, што комплекс дабіўся сур’ёзных вынікаў працы: і па надоях, і па захаванні цялят. Гэта вынік двайной працы кожнага з 36 работнікаў МТК і разам усяго калектыву. Без перабольшвання зазначу, што любога жывёлавода, даярку, ветэрынара, заатэхніка і нават лабаранта МТК «Клепачы» можна смела заносіць на раённую Дошку гонару.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік