Среда, 15 января 2025

Першакласнікі СШ № 4 расказалі, як прайшоў іх вучэбны год і што яны плануюць на лета

271

Урачыста адзвінелі апошнія званкі, гучна гэтым паведамілі ўсім школьнікам пра заслужаны адпачынак. Зразумела, што настрой вялікай колькасці дзяцей значна палепшыўся, але… ці не сумна ім будзе заставацца без школы, якая, што ні кажы, займае вялікую ролю ў жыцці кожнага дзіцяці? Як прайшоў гэты вучэбны год і чым дзятва плануе займацца летам? Пра гэта мы пацікавіліся ў першакласнікаў СШ № 4 г. Пружаны.

Каця Салапонава:

— У першым класе я навучылася пісаць, чытаць, рашаць прыклады, маляваць, абводзіць, ляпіць з пластыліну. Больш за астатняе мне падабаецца лепка, я люблю рабіць нешта сваімі рукамі. Настаўніца кажа, што я малайчынка. Калі б, напрыклад, вучэбны год працягнулі на месяц, я б з задавальненнем хадзіла на заняткі. Таму я і не вельмі чакаю летніх канікул. Чакаю, калі паеду ў «Дубок», не хачу проста сядзець дома ў тэлефоне. Я запісалася ў лагер, бо там весела.

Саша Кунахавец:

— Мне падабаецца хадзіць у школу, хаця і даводзіцца рана ўставаць. Нас тут смачна кормяць. Я люблю ўрокі працы, таму што на іх мы ствараем нешта з паперы. Думаю, што ў другім класе будзе яшчэ цікавей. За гэты год я ні кропелькі не стамілася. Звычайна ў вольны час мне падабаецца гойдацца на арэлях. Думаю, што летам я буду шмат часу праводзіць на вуліцы.

Каця Барташэвіч:

— У першым класе вучыцца было няцяжка. Напэўна, таму, што яшчэ ў садку я навучылася чытаць, пісаць, лічыць. Цікава, што чакае нас потым. Я люблю лета, бо можна будзе катацца на веласіпедзе і на самакаце, хадзіць купацца на рэчку.

Віка Куц:

— Я выступала на лінейцы. Апранала спадніцу, белую кашулю і вялікі банты. Мне зусім не страшна пераходзіць у другі клас, бо ў школе мне падабаецца. Летам я буду адпачываць, а яшчэ чытаць кнігі.

Міша Цюшкевіч:

— Запомніўся выпадак, калі настаўніца хваліла мяне за тое, што я зляпіў з пластыліну кафэ. Шчыра кажучы, я сам не думаў, што атрымаецца такі вялікі выраб. Больш за ўсё ў школе мне падабаюцца заняткі фізкультурай, таму што я футбаліст. Чакаю лета, каб пачаць хадзіць у спартыўны лагер. На канікулах я буду гуляць у футбол і шмат часу праводзіць на свежым паветры.

Дзіма Зеляняк:

— За гэты вучэбны год я навучыўся многім карысным рэчам. Зразумеў, што мне падабаецца чытанне, люблю беларускую мову і фізкультуру, а вось з матэматыкай неяк не склалася. Спадзяюся, што гэта зменіцца. На лінейцы я падару кветкі нашай настаўніцы і павіншую яе з заканчэннем вучэбнага года. Мне здаецца, што ён для яе цягнуўся доўга. Летам я буду займацца карыснымі справамі і адпачываць ад школы. Трэба будзе набрацца сіл для другога класа.

Думкамі цікавілася Юлія Янушка. Фота аўтара