На мінулым тыдні першым намеснікам старшыні — начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Пружанскага райвыканкама быў назначаны Сяргей Глушко.
Невялікая даведка

Сяргей Аляксандравіч Глушко нарадзіўся 19 жніўня 1984 года ў вёсцы Хвалава Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Адукацыя вышэйшая. У 2007 годзе закончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Аграномія». Жанаты, мае двух дзяцей.
Дарэчы, першую прафесійную адукацыю Сяргей Глушко атрымаў у Пружанскім аграрна-тэхнічным каледжы. Пасля гэтага год працаваў памочнікам брыгадзіра ў эксперыментальнай базе «Белавусаўшчына», затым тут жа — аграномам-насенняводам, выконваючым абавязкі галоўнага агранома, галоўным аграномам. Быў вядучым спецыялістам аддзела па вытворчасці і выкарыстанні кармоў камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама. Апошняе месца працы Сяргея Аляксандравіча было ў Брэсцкай абласной праектна-вышукальнай станцыі хімізацыі начальнікам аддзела.
Як бачыце, прафесійныя ступені сапраўднага аграрыя, які з самага дзяцінства быў прывучаны да сельскай працы, любіў яе, знайшоў там сябе і ўзначаліў даволі складаную, але такую патрэбную галіну вытворчасці ў Беларусі навогул і на Пружаншчыне ў прыватнасці.
З Сяргеем Глушко мы гутарылі ў яго кабінеце, у якім ён толькі пачаў асвойвацца. Гутарку перапынялі званкі тэлефона. Што зробіш, такая гэта пасада. Рэагаваць на імклівую хаду часу трэба пастаянна.
— Сяргей Аляксандравіч, са старонкамі прафесійнай дзейнасці знаёмыя. Але чаму ўсё ж абралі сельскую гаспадарку?
— З дзяцінства быў прывучаны да працы. Бо ў вёсцы нарадзіўся, а потым прыязджаў часта да бабулі і дзядулі, калі ўжо жыў з бацькамі ў Пружанах. Так што ваганняў ніякіх не было — толькі сельская гаспадарка.
— Зараз на Вас ускладзены даволі сур’ёзныя абавязкі. З чаго пачынаеце?
— Зразумела, работа ў сельскай гаспадарцы дастаткова аб’ёмная, нялёгкая. Задачы перад працаўнікамі аграрнага сектара эканомікі стаяць вялікія. Але для іх выканання мы маем усе магчымасці, тэхнічную аснашчанасць. З усімі даведзенымі заданнямі мы справімся. У першаю чаргу, на цяперашнім этапе мы павінны ўбраць кукурузу, завяршыць ў агратэхнічныя тэрміны, да 5 кастрычніка, сяўбу азімых збожжавых. Пачалася ўборка цукровых буракоў, працягваецца бульбы, яблык. Так што гэтай восенню яшчэ багата работы ў нашых аграрыяў.
— Калі прынялі новую пасаду, з якімі праблемамі сутыкнуліся?
— Асноўная праблема — гэта тое, што з-за недахопу вільгаці напрыканцы жніўня — пачатку верасня падсохла кукуруза. Таму, каб не страціць яе пажыўных якасцей, атрымаць зялёную масу, а адпаведна якасныя кармы, трэба культуру ўбраць у сціслыя тэрміны. Калі будзе добры сілас, будзе і малако. А гэта асноўны складнік фінансавага дабрабыту нашых сельгаспрадпрыемстваў.
— На Ваш свежы погляд, ці ў дастатковай колькасці гаспадаркі забяспечаны неабходнай тэхнікай?
— Так, ёсць усё ў неабходнай колькасці як для корманарыхтоўкі, так і для падрыхтоўкі глебы, сяўбы. Таксама гаспадаркі забяспечаны поўнасцю і гаруча-змазачнымі матэрыяламі.
— Што плануеце на бліжэйшую будучыню?
— Усё ж далёка загадваць наперад не заўсёды патрэбна. Будзе бачна. Зараз імкнуся выбудаваць сваю работу так, каб прынесці карысць дзяржаве, апраўдаць той давер, які мне аказаны.
— Чым захапляецеся ў вольны час?
— Сам я па прафесіі аграном. Люблю займацца вінаградам, вырошчваць буякі, даглядаць сад. Усё гэтае для меня вельмі цікава і захапляюча. Але зараз вельмі рэдка выпадае той вольны час.
Што ж, пажадаем Сяргею Глушко поспеху ў нялёгкай справе — кіраўніцтве аграрным сектарам эканомікі Пружанскага раёна.
Гутарыў Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара