Понедельник, 2 декабря 2024

«Пераязджайце, вам тут спадабаецца». Новыя грамадзяне нашай краіны прымалі прысягу ў Палацы культуры (+фота)

320

Для дванаццаці чалавек з Пружаншчыны 30 жніўня запомніцца надоўга. У гэты дзень яны прыносілі прысягу як новыя грамадзяне нашай кріны.

Калі хто не ведае, то 21 ліпеня Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам быў падпісаны дакумент, які зацвярджае тэкст прысягі грамадзяніна нашай краіны і парадак яе прынясення. Афіцыйна дакумент уступіў у сілу з 28 ліпеня. Як стала вядома, цырымоніі для новых грамадзян будуць праводзіцца не радзей чым адзін раз у квартал.

У гарадскім Палацы культуры сабраліся ўсхваляваныя ўрачыстасцю моманту людзі. Многія чакалі грамадзянства 10-13 гадоў. За гэты час сваёй добрай працай, жыццёвым укладам даказалі, што ўпісаліся ў нашу культуру, прынялі нашы законы і могуць быць паўнапраўнымі грамадзянамі Беларусі.

Да прысутных са словамі віншаванняў звярнуўся часова выконваючы абавязкі начальніка аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Пружанскага РАУС Вячаслаў Міхайлаў. Віншаваў таксама былых грамадзян Украіны з набыццём грамадзянства Рэспублікі Беларусь начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік.

Настаў кульмінацыйны момант. Пашпартыст аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Пружанскага РАУС Анастасія Панасевіч запрашала прайсці да стала, дзе трэба было паставіць подпіс у дакуменце. Затым зачытваўся тэкст прысягі.

Пасля мерапрыемства пагутарыў з некаторымі новымі грамадзянамі нашай краіны. Дарэчы, усе яны з Валынскай вобласці, што на Украіне.

Сям‘я Ніны Іванаўны Міхнюк.

Ніна Іванаўна Міхнюк пераехала разам з дачкой Вікторыяй у Пружанскі раён у 2011 годзе. Тут жанчына пазнаёмілася з будучым мужам, у новай сям’і нарадзіліся дзеці. «Вельмі падабаецца Беларусь — прыгожая і такая ўтульная», — кажа новая грамадзянка нашай краіны.

Раман Губарык пражывае на Пружаншчыне 13 гадоў. Ён вымушаны быў з’ехаць з роднай Валыншчыны ў пошуках работы. І, як кажа, не прагадаў. Зараз працуе механізатарам у ААТ «Белавежскі» ў аддзяленні «Смаляны». Жыве разам з сям’ёй, якую стварыў на Пружаншчыне ў Калядзічах. За гэты час паспеў абзавесціся трыма дзецьмі.

Іна Касей пераехала ў Пружанскі раён разам з мужам, мама якога ўжо жыла тут. Памяняць месца жыхарства і прапанавала свякроў, якая аднойчы сказала: «Пераязджайце, вам тут спадабаецца». Аказалася, што вось ужо 12 гадоў як падабаецца. Іна працуе бухгалтарам у ААТ «Ліноўскае». Тут сям’і і жыллё выдзелілі. Старэйшы сын займаецца хакеем у Лядовым палацы г. Пружаны, і даволі паспяхова. Яго нават запрасілі гуляць за салігорскі «Шахцёр». А нядаўна ў Іны нарадзілася дачка.

Дарэчы, усе, з кім гутарыў, выказалі вялікую радасць, што нарэшце сталі грамадзянамі прыгожай і такой гасціннай Беларусі.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбом глядзіце тут: https://ok.ru/budni/album/967038912136