Воскресенье, 14 июля 2024

Пераходны ганаровы кубак і ключы ад службовага аўто! Пружанскі РАУС прызнаны лепшым у першым рэгіёне

853

Напрыканцы студзеня на абласной калегіі ўпраўлення ўнутраных спраў былі падведзены вынікі дзейнасці міліцыі па ахове парадку і законнасці ў 2023 годзе. Найлепшымі паказчыкамі ў агульнай статыстыцы ў сваёй катэгорыі сярод іншых райаддзелаў унутраных спраў Брэстчыны вызначыўся Пружанскі РАУС, за што старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка ўручыў калектыву пераходны ганаровы кубак «Мой калектыў — мая крэпасць» імя Валерыя Паўлавіча Асташонка. А таксама — ключы ад службовага аўтамабіля.

Трэба адзначыць, што для атрымання такой узнагароды да ўвагі бяруцца вынікі дзейнасці праваахоўнікаў не толькі за папярэдні год. Вывучаецца станоўчая тэндэнцыя за пяць гадоў, па кожным накірунку налічваецца вызначаная колькасць балаў, якіх павінна быць як мага менш. У выніку ў пружанскай міліцыі назбіралася найменшая колькасць балаў не толькі ў сваёй катэгорыі, а ўвогуле сярод усіх падраздзяленняў унутраных спраў Брэсцкай вобласці. Такім чынам, пружанскіх міліцыянераў можна смела назваць лепшымі ў першым рэгіёне.

Начальнік РАУС Ігар Амельянчук (у цэнтры) разам са сваімі калегамі — намеснікам начальніка Аляксандрам Семаковічам, начальнікам штаба Мікалаем Заянчкоўскім, намеснікамі Сяргеем Курмысам і Юрыем Неміровічам.

Ёсць яшчэ адна важкая акалічнасць. Як паведаміў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Ігар Амельянчук, у 2019 годзе пераходны ганаровы кубак імя В.П. Асташонка ўжо быў у Пружанах. Тады ён быў уручаны калектыву нашай міліцыі, якім кіраваў Аляксандр Гук.

— І прыемна, што знаходжанне такой высокай узнагароды ў Пружанах становіцца добрай традыцыяй, — падкрэсліў Ігар Аляксеевіч.

Трэба прызнаць, такая высокая ацэнка работы пружанскіх міліцыянераў сведчыць пра тое, што іх дзейнасць прыносіць карысць напрамую і радавым грамадзянам. А праяўляецца гэта ў забеспячэнні спакою на вуліцах населеных пунктаў Пружаншчыны, аператыўнай абароне правоў грамадзян і ўстанаўленні справядлівасці. За мінулы год, як адзначае начальнік міліцыі, дзякуючы актывізацыі прафілактычных мер у цэлым па раёне знізілася злачыннасць у грамадскіх месцах, таксама трэба падзякаваць раённай уладзе, усім праваахоўным структурам раёна, кіраўнікам прадпрыемстваў і гаспадарак за актыўную падтрымку па навядзенні парадку.

— Істотную дапамогу мы таксама атрымліваем ад ветэранаў РАУС і іншых нераўнадушных жыхароў Пружаншчыны,— зазначыў Ігар Амельянчук.

Алег Сідарэнка.

Фота аўтара