Кожная навучальная ўстанова славіцца сваімі навучэнцамі — хлопцамі і дзяўчатамі, якія не проста наведваюць заняткі, а паказваюць глыбокія веды, актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядах, конкурсах, розных мерапрыемствах і маюць жаданне зрабіць родную старонку яшчэ больш непаўторнай і квітнеючай.

Не выключэнне і Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж. Установа адукацыі не проста дае прафесію, а рыхтуе высакакласных спецыялістаў, якія потым з’яўляюцца прыкладам у рабоце на любым прадпрыемстве краіны. Пацвярджэннем гэтым словам можа быць штогадовы конкурс «Аграмайстэрства» сярод навучэнцаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі па напрамку «Сельская гаспадарка».
Сваё майстэрства навучэнцы каледжа паказвалі на мінулым тыдні на базе Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. І (ужо традыцыйна!) не падвялі родную альма матар, праявілі ўсе свае таленты і творчыя здольнасці і… прыехалі з узнагародамі! Канечне, першапачаткова высокай перамозе папярэднічала карпатлівая падрыхтоўка і адборачны тур у каледжы, які і выявіў самых мэтанакіраваных і працаздольных навучэнцаў.

Будучыя тэхнікі-механікі, якія навучаюцца па спецыяльнасці «Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці», у складзе Івана Кандарэвіча, Паўла Васюковіча і Дзмітрыя Платніцкага толькі паўкрока не дацягнулі да верхняй прыступкі п’едэстала. Сярод 12 каманд з розных куткоў краіны хлопцы атрымалі дыплом другой ступені. Што сказаць, малайцы! І тэарэтычнымі ведамі валодаюць на выдатна, і з практыкай яны на «ты»: абслужаць, зробяць дыягностыку трактара, правядуць тэхналагічную рэгуліроўку сельскагаспадарчых машын на вышэйшым узроўні.
А гэта ж не ўсе перамогі! У асабістым першынстве Іван Кандарэвіч заваяваў дыплом трэцяй ступені. Сам юнак родам з Бярозы. Ён прызнаецца, што неаднойчы чуў станоўчыя водзывы пра Пружанскі каледж, таму і аддаў пасля школы перавагу гэтай навучальнай установе. Ды і з тэхнікай хлопец сябруе з дзяцінства: меў матацыкл, а цяпер ужо і свой аўтамабіль. Так што ўменні, атрыманыя ў каледжы, ніяк лішнімі не будуць. А яшчэ, як адзначае навучэнец, тут даюць сапраўды грунтоўныя і карысныя веды па спецыяльнасці, а выкладчыцкі калектыў складаецца з прафесіяналаў сваёй справы.

Дарэчы, пра выкладчыкаў. Ад прыроды ты можаш быць галавастым, але развіць здольнасці дапамогуць толькі яны, так сказаць, старэйшыя таварышы. Дзякуй вам ад тэхнікаў-механікаў, Анатоль Мацэюк, Сяргей Ляхаў і Алена Чэга, за сумленнае стаўленне да прафе-сійных абавязкаў і шчырае жаданне перадаць свае веды навучэнцам каледжа!
Не ўпусцілі магчымасці пакупацца ў промнях славы і навучэнцы ўстановы адукацыі, якія асвойваюць спецыяльнасць «Энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці».
Калі вам, шаноўныя, трэба атрымаць параду наконт электрыкі, скласці нейкую схему або разлічыць пускаабарончую апаратуру, калі ласка, вам да Мікіты Абрамука, Івана Казака і Дзмітрыя Шостака. Жаданне перамагчы, веды і настрой у сукупнасці навучэнцам каледжа таксама прынеслі на конкурсе дыплом другой ступені (усяго ўдзельнічала 8 каманд).
Адметна, што ўжо на працягу 20 гадоў нашы тэхнікі-электрыкі на гэтым конкурсе заўсёды ўваходзяць у тройку лідараў. А гэта ўжо гаворыць пра стабільны і сур’ёзны падыход у навучанні, і пра прэстыж спецыяльнасцей, якія тут атрымліваць юнакі і дзяўчаты, і пра людзей, што шчыруюць на выкладчыцкай ніве.
Таму асаблівая ўдзячнасць выкладчыкам, якія ўсялілі ў хлопцаў-электрыкаў веру ў перамогу, далі ўпэўненасць у сабе і сваіх сілах, — Ягору Кашубе, Леаніду Лукашуку і Віталію Міхальчуку. Калі перад сабой бачыш такіх апантаных працай людзей, то заўсёды хочацца на іх раўняцца, імкнуцца дасягаць большага.

ЖАДАЕМ каб гэтыя перамогі не былі ў навучэнцаў каледжа апошнімі, спадзяёмся, што ў будучым атрыманыя веды яны ў поўнай меры прыменяць на практыцы. І верым, што з такімі грамадзянамі Беларусі мы пабудуем моцную і суверэнную дзяржаву.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
