Пятница, 13 июня 2025

Пераможцы раённай алімпіяды па фінансавай адукаванасці атрымалі падарункі ад «Беларусбанка»

1 033

З 2014 года Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам адукацыі праводзіцца алімпіяда па фінансавай адукаванасці сярод школьнікаў.

Выпрабаванні падзелены на тры этапы — раённы, абласны, рэспубліканскі з вызначэннем самых разумных. Трэба адзначыць, што сярод іншых алімпіяд гэту можна назваць найбольш складанай, бо яна не прымеркавана да якога-небудзь школьнага прадмета, а абагульняе адразу некалькі. Трэба мець выдатную матэматычную падрыхтоўку, умець аперыраваць асновамі грамадазнаўства, геаграфіі і шэрага іншых дысцыплін. У тым ліку мець і адпаведную фізічную падрыхтоўку, бо на больш як тры дзясяткі пытанняў трэба паспець адказаць за гадзіну, а значыць, нялішнім будуць спрыт і добрая рэакцыя.

Традыцыйна да падвядзення вынікаў раённага этапу далучаецца ААТ «ААБ Беларусбанк». Прадстаўнікі аддзялення банка ў Пружанах днямі ўзнагародзілі трох прызёраў першага этапу алімпіяды. Першае месца заняў Мікіта Слабада з Мураўскай СШ (настаўніца Ніна Аляксееўна Бух), які набраў 88 балаў з магчымых 100. Другое месца прысуджана Ганне Долгай з СШ №3 (настаўніца Галіна Сяргееўна Сідарэнка). «Бронза» ў Ганны Казачэнка з Шарашоўскай СШ (настаўніца Алёна Паўлаўна Шарашовец).

Марына Саўчук, Ганна Казачэнка, Мікіта Слабада, Ганна Долгая, Марына Свістун (злева направа).

Намеснік дырэктара аддзялення «Беларусбанка» Марына Свістун уручыла пераможцам памятныя падарункі, а дыпломы прызёраў раённага этапу дзеці атрымалі ад метадыста аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Саўчук.

Пасля ўрачыстай цырымоніі адразу пачаўся абласны этап. Спадзяёмся, што і на гэтых выпрабаваннях пружанскія разумнікі пакажуць бліскучыя веды.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік