Четверг, 16 января 2025

Перамогу ў традыцыйным раённым конкурсе «Ану, хлопцы!» сёлета святкавала каманда СШ №5 (+многа фота)

383

Традыцыйна напярэдадні Дня абаронцаў Айчынны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь юнакі са школ раёна і горада прымаюць удзел у спартыўных спаборніцтвах. 22 лютага на базе СДЮШАР г. Пружаны адбыўся раённы конкурс «Ану, хлопцы!».

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі аддзел па адукацыі райвыканкама,  РФСК «Мухавец», раённыя арганізацыі ГА «БРСМ», «Белая Русь», ДТСААФ.

Конкурс праводзіцца з мэтай фарміравання ў моладзі грамадзянскасці і патрыятызму, здаровага ладу жыцця, выхавання ў падлеткаў неабходных фізічных, маральных якасцяў, для падрыхтоўкі іх да службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

У гэтым годзе спартыўныя выпрабаванні праходзілі пад дэвізам: «Спорт супраць шкодных звычак!». 14 устаноў адукацыі падалі заяўкі для ўдзелу ў турніры, і трэба адзначыць, што кожная з каманд прэзентавала сябе як згуртаванае, крэатыўнае таварыства.

— Сёлета Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь адзначаюць сваё 105-годдзе. І таму сённяшні конкурс, прымеркаваны да Дня абаронцаў Айчынны набывае асаблівую значнасць, — прывітаў старшакласнікаў ваенны камісар падпалкоўнік Кірыл Шаўчэнка. — Жадаю ўсім моцнага здароўя, годных выступленняў і справядлівага судзейства. Упэўнены, што воінскія фарміраванні будуць рады бачыць такіх дужых, актыўных, прыгожых юнакоў у сваіх шэрагах.

Турнір пачаўся з прывітання каманд і конкурсу салдацкай песні. Пасля творчага задання хлопцы спаборнічалі ў спартыўнай эстафеце, перацягванні каната, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, чаўночным бегу і сілавым конкурсе. Праграма была насычаная і нялёгкая, менавіта фізічная падрыхтоўка ўдзельнікаў стала вырашальным фактарам у барацьбе за перамогу.

Па выніках усіх спаборніцтваў пераможцамі былі прызнаны юнакі з СШ №5, другое месца заваявала каманда Параслянскай школы, а на трэцюю прыступку п’едэстала ўзышлі вучні СШ №3.

Юлія Янушка. Фота аўтара

Фотаальбом з конкурсу: https://vk.com/album-23306785_291522628