9 мая на гарадскім стадыёне ў Пружанах адбыўся матч першага тура чэмпіянату Брэсцкай вобласці па футболе паміж камандамі «Пружаны» і «Драгічын».
На трыбунах у гэты святочны дзень сабралася нямала аматараў гульні нумар адзін, якія ўжо паспелі засумаваць па выступленнях роднай каманды. І наўрад ці знайшліся тыя, хто пашкадаваў, прыйшоўшы на стадыён, бо ў гэты дзень на футбольным полі было на што паглядзець і за каго пабалець.
У самым пачатку матча, на сёмай мінуце, вызначыліся госці з Драгічына. Але гэта падзея толькі завяла нашых хлопцаў, і яны ўдарна правялі другую палову першага тайма. Спачатку на 26-й мінуце вызначыўся Мікіта Шчур, праз шэсць мінут каманду з Пружан вывеў наперад Віктар Соц, а яшчэ праз сем мінут падвоіў гэтую перавагу нападаючы Ігар Плеска. З лікам 3:1 завяршылася першая палова матча, вынік і гульня якой поўнасцю задаволілі як ігракоў, так і балельшчыкаў нашай каманды.
Але другі тайм больш актыўна правялі госці. І, як і ў першым, праз сем мінут пасля пачатку ім удалося забіць і адыграць адзін мяч, а на 60-й госці змаглі зраўняць лік на табло. Астатняя гульня прайшла ва ўпартай барацьбе, з хвалюючымі момантамі як ля адных, так і другіх варот.
Але больш галоў у гэтым матчы гледачы не ўбачылі. Вынік —нічыя 3:3, што дазволіла набраць першыя ачкі ў сваю скарбонку абедзвюм камандам.
Нашы гульцы пакінулі аб сабе прыемныя ўражанні, гэта надае веры ў тое, што чарговы матч можа быць яшчэ больш паспяховым. Пажадаем нашым футбалістам, каб у наступных гульнях удача была на іх баку.
Руслан Басак.
Фота аўтара