
Эмоцыі, якімі дзяліліся ўдзельнікі рэспубліканскага семінара-практыкума «Захаванне гістарычнай памяці і культурнай спадчыны праз пераемнасць пакаленняў» былі шчырымі, што выклікала гонар за нашу Пружаншчыну.
Паглядзець некаторыя славутасці зямлі Пружанскай прыехалі дырэктары цэнтраў культуры і вольнага часу з усіх раёнаў і абласных цэнтраў краіны. Самым першым аб’ектам, з якім прайшло знаёмства, быў турыстычна-культурны комплекс «Мікалаеўскі», што ў Мокрым. Там з гасцямі правялі творчую сустрэчу аматарскія мастацкія калектывы раёна «Пружанскі край — сэрцу рай!».
Афіцыйная сустрэча прадстаўнічай дэлегацыі прайшла на другі дзень семінара ля гарадскога Палаца культуры. Гасцей прывітальным словам сустракаў начальнік аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Панімаш. Дырэктар ГУК «Пружанскі раённы цэнтр культуры» Аксана Кавалевіч расказала пра работу падначаленай арганізацыі.
Загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Вольга Гардзейчык пазнаёміла з работамі Людмілы Міхайлаўны Яроцкай — народнага майстра Рэспублікі Беларусь па ткацтву і вышыўцы. Госці мелі магчымасць пагутарыць з ёй, задаць пытанні, палюбавацца той прыгажосцю, што стварылі «залатыя» рукі Людмілы Міхайлаўны.
Кіраўнік узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Шклінка-маляванка» Вера Волчык прэзентавала элементы нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны «Традыцыйны роспіс на шкле» з удзелам народнага майстра Рэспублікі Беларусь Марыі Мікалаеўны Кулецкай.
З прэзентацыяй камерцыйнага праекта «Тэрыторыя майго дзяцінства» выступіла мастацкі кіраўнік цэнтра Алёна Лосева. Удзельнікі семінара азнаёміліся з магчымасцямі гэтага праекта.
Цікавую экскурсію па частцы вуліцы Савецкая правялі галоўны спецыяліст аддзела культуры Наталля Пракаповіч і метадыст па гісторыка-культурнай спадчыне цэнтра Вольга Зінкевіч.
Далей госці Пружан наведалі музей-сядзібу «Пружанскі палацык». Аб прыцягненні падрастаючага пакалення да працэсу непарыўнай асветы сродкамі мастацтва расказала дырэктар музея-сядзібы Ангеліна Маруфенка. Яна таксама прэзентавала элементы нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны «Творчасць Міколы Тарасюка», расказала пра адметнасць майстэрства валодання традыцыйнымі тэхналогіямі разьбы і роспісу па дрэве. Начальнік аддзела народнай творчасці дзяржаўнай установы культуры змешанага тыпу «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур» Вольга Хачкова ўручыла Ангеліне Юр’еўне падзяку за стварэнне ўмоў для развіцця традыцыйных і сучасных накірункаў рэгіянальнай культуры, высокі арганізацыйна-творчы ўзровень правядзення семінара-практыкума.
Цікавым было знаёмства з ганчарнай майстэрняй, пра работу якой расказала загадчыца аддзела традыцыйнай культуры цэнтра Вольга Гардзейчык. А майстры народных рамёстваў Віталій Раманоўскі і Генадзь Міранюк распаведалі пра сакрэты ганчарнай справы і правялі майстар-клас па рабоце з глінай.
Фінішаваў семінар у яшчэ адной жамчужыне Пружаншчыны — Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў. Сустрэча была традыцыйна пышнай, — з удзелам самога магната Сапегі, яго жонкі, прыдворных прыгажунь, з уручэннем граматы і экскурсіі па комплексе.
Вынікі работы семінара-практыкума падвялі начальнік аддзела народнай творчасці дзяржаўнай установы культуры змешанага тыпу «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур» Вольга Хачкова, дырэктар ГУК «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр» Наталля Вальшынец і начальнік аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Панімаш.
Прадстаўнікі з кожнай вобласці краіны падзяліліся ўражаннямі ад убачанага, пачутага. Яны радаваліся таму, што ў Беларусі ёсць такія куточкі, як Пружаншчына, дзе столькі цікавага, самабытнага, дзе можна многаму навучыцца і многае пераняць.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара