Ні для каго не сакрэт: беларусы — народ вельмі працавіты, які не адступае перад цяжкасцямі і калі нешта робіць, то толькі з поўнай аддачай. Таму мы маем вынік у розных галінах дзейнасці, у тым ліку і сельскагаспадарчай. Па той жа прычыне падчас сёлетняй уборачнай кампаніі што ні дзень — і ў нашым раёне з’яўляюцца ўсё новыя пераможцы, за якіх радуюцца і блізкія, і кіраўніцтва сельгаставарыстваў, і раённая ўлада.
Вельмі насычаным на працоўныя перамогі падчас жніва аказаўся і бягучы тыдзень. Амаль кожны дзень карэспандэнты «раёнкі» выязджалі на палеткі і КЗС-ы, каб засведчыць высокія дасягненні хлебаробаў, парадавацца таму факту, што праца на зямлі заўсёды будзе пачэснай і запатрабаванай.
Вось і філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі» таксама можа ганарыцца сваімі працаўнікамі. Напрыклад, Арцеміем Шрамам, які сярод маладых вадзіцеляў першым у раёне перавёз 1000 тон зерня. Дарэчы, маладым яго можна назваць не толькі па гадах, але і па стажы работы ў гаспадарцы: працуе ў філіяле толькі адзін год, а ўжо які рэзультат! Паболей бы такой моладзі, якая не баіцца работы. На палетку каля вёскі Смаляны Арцемія віншаваў дырэктар сельгаставарыства Андрэй Голдзінаў, які пажадаў вадзіцелю поспехаў на ўборцы і ўручыў грашовую прэмію. Падарункі малады чалавек атрымаў і ад старшыні Пружанскай раённай прафарганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Вольгі Зубковай. Аксана Цімановіч, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі, паднесла Арцемію падарункавы сертыфікат. Мінута славы і падарункі чакалі і калектыў зернесушыльнага комплексу філіяла ў складзе Анатоля і Валерыя Ашуркевічаў, Аляксандра Барысюка і Сяргея Шанюка, якія першыя ў раёне на ЗСК-80 прасушылі 1000 тон зерня.
Ушаноўвалі сваіх перадавікоў і ў ААТ «Велікасельскае Агра»: маладзёжны экіпаж у складзе старшага камбайнера Аляксандра Сямашкі і камбайнера Цімафея Мелеша стаў першым тысячнікам па намалочаным зерні ў Брэсцкай вобласці!
Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, віншуючы пераможцаў, выказаў вельмі слушнае пажаданне: каб кожная 1000 тон зерня была эквівалентнай беларускім рублям у кішэні.
Падзячныя лісты і грашовыя прэміі Аляксандру Сямашку і Цімафею Мелешу ўручыў старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч. Не абдзяліў увагай Аляксандр Паўлавіч і старшага камбайнера Аляксандра Марданя і камбайнера Андрэя Фасевіча. Экіпаж — першы тысячнік у раёне па намалоце. Віталь Шарашовец, вадзіцель са стажам, таксама займеў праменьчык славы і сабе, і гаспадарцы: першым перавёз на Пружаншчыне 1000 тон зерня. У самім сельгаставарыстве лідарам у падобнай вагавой катэгорыі стаў малады вадзіцель Дзяніс Радзьковіч. Гэтым працаўнікам былі ўручаны Падзячныя лісты ад раённай прафарганізацыі АПК і ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і падарункі. Васіль Севасцьянчык, дырэктар ААТ «Велікасельскае Агра», пажадаў перадавікам моцнага здароўя і выказаў спадзяванне, што на абласных дажынках-2023, якія пройдуць у Ганцавічах, хлебаробы гаспадаркі заслужана будуць на п’едэстале.
Не прамінулі ўвагай у чарговы раз і ААТ «Жураўлінае». Свой перадавік на адвозцы зерня з’явіўся і ў гэтай гаспадарцы. Тысячнікам стаў вадзіцель Мікалай Зубараў. Кіраўніцтва сельгаставарыства і старшыня раённай прафарганізацыі АПК Вольга Зубкова без адрыву ад вытворчасці, прама на палетку, павіншавалі пераможцу і ўручылі Мікалаю Васільевічу каштоўныя падарункі.
Можна сказаць, гэта толькі пачатак. Жніво працягваецца — значыць, будуць яшчэ ў нас свае героі ўборкі, якія не па чутках ведаюць, што трэба зрабіць і колькі сіл прыкласці, каб непаўторны пах хлеба па-ранейшаму ствараў утульную атмасферу ў нашых дамах.
Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі