Ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі ўзнагароды перадавікам на нарыхтоўцы кармоў падчас мерапрыемства ў турыстычным комплексе «Мікалаеўскі» ў в. Мокрае.

— Беларусь была і застаецца носьбітам найлепшых сельскагаспадарчых традыцый. Адна з іх — ушанаванне сельскіх працаўнікоў, якія ў працы паказваюць зайздросны рэзультат, адданасць абранай справе, шчырыя адносіны да зямлі. Узяць, напрыклад, нарыхтоўку кармоў. Яна з’яўляецца адным з важных этапаў у сельскай гаспадарцы і рашаючым фактарам паспяховасці жывёлагадоўчай галіны. Бо высокія надоі і прывагі напрамую залежаць ад колькасці і якасці кармоў. І сёння мы будзем ушаноўваць людзей, якія паказалі сябе ў гэтай рабоце як самаадданыя і заўзятыя працаўнікі, — гэта пранікнёныя словы вядучых.

Падчас свята гучалі прыгожыя песні і шчырыя словы. На ім прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады і Пружанскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, кіраўнікі гаспадарак.

Адкрыў мерапрыемства першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Глушко.

— Вельмі прыемна, што Пружаншчына з года ў год славіцца сапраўднымі людзьмі працы. І мінулы год паказаў, што мы — малайцы, — адзначыў Сяргей Аляксандравіч. — Калі браць малочную галіну, то наш раён з надоем у 276407 тон першы ў рэспубліцы, мы дадалі 7,3 % да 2022 года! І на сёлетні зімовы сезон нарыхтавалі 210500 кармавых адзінак кармоў, што дасць магчымасць спакойна перазімаваць і падрыхтавацца да чарговых сялянскіх работ. А іх заўсёды хапае, нават зімой. І за сумленную працу дзякую вам, паважаныя працаўнікі. Не спыняйцеся на дасягнутым. Вы — наш гонар. Здароўя вам, цярпення і заўсёднага жадання быць лепшымі не толькі па рабоце, але і для сваіх блізкіх, знаёмых, для сваёй краіны.

І вось ён, прыемны момант узнагароджання. Першым прымаў апладысменты трактарыст-машыніст ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Баран, які быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны.

Дыпломам Брэсцкага аблвыканкама ўзнагародзілі ААТ «Агра-Калядзічы» ў асобе дырэктара гаспадаркі Сяргея Суботы. Сельгаставарыства заняло другое месца за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці алейнага насення рапсу сярод сельскагаспадарчых і іншых арганізацый (іх філіялаў) з плошчай уборкі рапсу не менш за 100 га, якія забяспечваюць самыя высокія паказчыкі па вытворчасці прадукцыі ў натуральным выражэнні і пераліку на бала-гектары пры забеспячэнні тэмпаў росту да ўзроўню 2022 года.

Трактарысты-машыністы Аляксандр Баран і Сяргей Сахарук з ААТ «Жураўлінае» першыя ў вобласці па выніках спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы травяных кармоў у 2023 годзе сярод камбайнераў кормаўборачных машын прымалі дыпломы Брэсцкага абласнога выканкама!

Умеюць працаваць у ААТ «Жураўлінае»! Таму і быў узнагароджаны дыпломам Пружанскага райвыканкама дырэктар Аляксандр Пішч: гаспадарка стала лідарам у раённым спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы кармоў у 2023 годзе сярод сельскагаспадарчых арганізацый, якія забяспечваюць самыя высокія тэмпы росту аб’ёмаў нарыхтоўкі кармоў да сярэдняга ўзроўню трох гадоў.

Сваю долю славы і дыпломы атрымалі трактарысты-машыністы сельгаставарыстваў, якія сталі пераможцамі ў раённым спаборніцтве падчас нарыхтоўкі кармоў у мінулым годзе. Першае месца пакарылася Віталію Сіманюку з ААТ «Жураўлінае», на другую прыступку п’едэстала ўзышоў Анатоль Чыбук з філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі», замкнуў тройку Сяргей Янушка з ААТ «Агра-Калядзічы».

Свае пераможцы былі вызначаны і сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў з ёмістасцю кузава больш за 30 кубічных метраў. Лідарам тут стаў Сяргей Сунік з ААТ «Велікасельскае Агра», другое месца прысуджана Аляксею Лаптановічу з ААТ «Агра-Калядзічы» і Міхаілу Люкевічу з ААТ «Велікасельскае Агра». Адразу тры вадзіцелі — Андрэй Цабрук з ААТ «Мурава», Вадзім Кісялевіч і Дзмітрый Калешка з ААТ «Велікасельскае Агра» размясціліся на трэцім месцы. Вызначаны лепшыя вадзіцелі і ў аналагічнай намінацыі, але якія працавалі на аўто з кузавам менш за 30 кубічных метраў. Дыплом за першае месца атрымаў Аляксандр Каляда з ААТ «Ружаны-Агра». На другой прыступцы размясціліся Дзмітрый Кобак і Уладзімір Саваш з ААТ «Жураўлінае». Тры бравыя малайцы Аляксандр Крэйдзіч і Мікалай Крэйдзіч з ААТ «Жураўлінае», Анатоль Шапавал з ААТ «Ружаны-Агра» заваявалі бронзу.

Што ж, застаецца яшчэ раз павіншаваць усіх гэтых людзей з перамогамі, пажадаць ім сямейнага цяпла і дабрабыту. Няхай вашы працоўныя будні, так неабходныя нашай краіне, стануць для вас ганаровым абавязкам!
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў вы знойдзеце ў альбомах: https://vk.com/album-23306785_300911780 і https://ok.ru/budni/album/973459523208