Пятница, 13 июня 2025

Перабрацца з Брэста ў Пацынічы дапамаглі… саджанцы вінаграду! Сям’я Байко вярнулася на малую радзіму, дзе займаецца садаводствам

885

Маладыя, поўныя энтузіязму, шмат гадоў таму выпускнікі Шарашоўскай школы Антаніна і Расціслаў пакінулі свае бацькоўскія гнёзды. Абодва паехалі вучыцца ў сталіцу: яна — у эканамічны, ён — тэхналагічны ўніверсітэт. Лічы, усё жыццё аднакласнікі ішлі поплеч. А праз шмат гадоў іх пацягнула на малую радзіму.

— Адразу, як узялі шлюб, паехалі па месцы размеркавання мужа — на Поўнач, — расказвае Антаніна Байко. — Але праз пяць гадоў вярнуліся ў родную Беларусь. Аселі ў Брэсце, дзе і працавалі да выхаду на пенсію.

Муж і жонка ў сваёй гарадской кватэры, можна сказаць, рэдкія госці. У Шарашэве жыве маці Расціслава Віктаравіча — 90-гадовая Любоў Мацвееўна. А вось бацькоўская хата Антаніны Уладзіміраўны, якая знаходзіцца недалёка, у Пацынічах, у 2015 годзе апусцела.

— Пайшлі на пенсію. З’явілася больш часу, каб наведвацца на Бацькаўшчыну: наводзілі парадкі, садзілі агарод. Але бачылі, што нежылая сядзіба ўсё роўна прыходзіць у заняпад. Урэшце прынялі рашэнне: чым «сядзець на паверхах», лепш шчыраваць на зямлі, — расказвае суразмоўца.

І як думаеце, што стала штуршком да прыняцця канчатковага рашэння наконт пераезду? З абласнога цэнтра ў Пацынічы сям’я Байко вырашыла перабрацца дзякуючы падораным сяброўкай… саджанцам вінаграду. З таго часу іх колькасць павялічылася ў некалькі разоў: адных толькі гатункаў вінаграду на пацыніцкай сядзібе расце 36. Дзякуючы свайму новаму хобі, галава сям’і, здаецца, яшчэ ні дня не сядзеў без справы. Вінаграднік, які разрастаецца быццам на дражджах, ужо выйшаў за межы адной сядзібы: яшчэ дзесяць гатункаў вінаграду расце на другой, бацькоўскай, — у Шарашэве.

Расціслаў Віктаравіч падыходзіць да свайго батанічнага занятку з веданнем справы, да кожнага саджанца падводзіць паліў. Пасылкі з саджанцамі прыходзяць яму і з Украіны, і з Расіі, але набывае ён толькі тыя новыя гатункі, якія здольны своечасова выспець у нашых кліматычных умовах.

Гледзячы на бацьку, захапіўся вырошчваннем зялёных гадаванцаў і сын Сяргей. Шматлікія прыгожа падстрыжаныя дэкаратыўныя кусты на іх вясковым участку, дзе ўдала суседствуюць сучаснасць і даўніна, — яго рук справа. Незвычайнае для беларускіх садоў аблічча ён надае і такім звыклым пладовым дрэвам, як вішня і алыча. Арыгінальныя бансаі прыцягваюць позіркі аднавяскоўцаў і праезджых.

Ружоўнік, стракатыя кветнікі, рададэндраны, фарзіцыя, канадская елка, вейгела, гартэнзіі… Каб пераўвасабленне ўчастка не стала зусім затратнай справай, сям’я Байко навучылася чаранкаваць расліны, якія прыжыліся на іх падворку: вінаград, туі, самшыт, ядлоўцы… Што ідзе для далейшага азелянення сядзібы, што — на продаж.

Работа Антаніны Уладзіміраўны нябачная, але яе роля, бадай, самая важная. Гэта дзякуючы яе працавітым рукам прыгожа выглядаюць кветнікі, вінаграднік, парнікі з саджанцамі.

Байкам заняткі па добраўпарадкаванні ўчастка на радасць. І як выкарыстоўваць свабодную дваровую тэрыторыю яны ведаюць загадзя: у планах яшчэ будаўніцтва альтанкі і басейна.

Марына Вакульская. Фота Кацярыны Масік.