Пятница, 17 января 2025

Пенсіянеры, якія дадуць фору і маладым! У Пружанах прайшла спартакіяда для людзей «залатога ўзросту» (+фота)

284

Неадменны атрыбут штогадовай адкрытай раённай спартакіяды сярод ветэранаў фізічнай культуры і спорту з удзелам аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва — усмешкі ўдзельнікаў. Іх не палохае старасць, а адчуваць сябе ў 70 на 50 дапамагае актыўны лад жыцця.

Спаборніцтвы, якія можна назваць сустрэчай добрых сяброў, былі прысвечаны Дню пажылых людзей. Сабрацца разам, каб цікава і з карысцю правесці час, удзельнікам спартакіяды прапанавалі РФСК «Мухавец», ДТСААФ, раённая арганізацыя ветэранаў фізкультуры і спорту, аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і СДЮШАР.

Кожны ўдзельнік мог выбраць адзін або некалькі відаў спорту, у якіх хацеў бы пазмагацца. Свае сілы можна было праверыць у дартсе, настольным тэнісе, шашках, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, кіданні мяча ў кальцо.

Падчас урачыстага адкрыцця спартакіяды галоўны спецыяліст Пружанскага райвыканкама Аляксей Лапыка звярнуў увагу на слаўныя традыцыі пружанскага спорту і тое, што ўдзельнікі турніру даюць выдатны прыклад маладому пакаленню.

Пераканацца ў гэтым дапамагло асабістае знаёмства з удзельнікамі. На Анатоля Грынюка звярнуў увагу адразу: ну вельмі ўжо ён быў падобны да майго ўніверсітэцкага выкладчыка па фізкультуры. Аказалася, што само жыццё прывяло да цікавага суразмоўцы. Працоўны стаж мужчыны — 52 гады, 40 з іх Анатоль Леанідавіч сябруе са спортам. Толькі ў гэтым ліпені, ужо ва ўзросце 70 гадоў, пасля перанесенай аперацыі і хваробы, быў вымушаны развітацца з любімай прафесіяй трэнера па валейболе, але ні ў якім разе не са спортам! За час работы трэнер падрыхтаваў шматлікіх чэмпіёнаў і прызёраў вобласці па валейболе, чэмпіёнак Беларусі ў спаборніцтвах сярод санаторных работнікаў, такіх жа чэмпіёнаў сярод жыхароў аграгарадкоў, чэмпіёнаў раёна, прызёраў многіх іншых турніраў.

— За гады працы ў Ружанскай школе дзе мы толькі з вучнямі не былі… Канечне, спорт вельмі важны ў жыцці. На гэты раз зарэгістраваўся на дартс, а раней перамагаў у настольным тэнісе, займаў другое месца па дартсе, — расказаў субяседнік.

Удалося пагутарыць таксама з Людмілай Галубчанка, якая наведвае аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і з’яўляецца фанатам скандынаўскай хадзьбы.

— Усё жыццё сябрую са спортам і ў свае 75 проста не адчуваю сябе на гэты ўзрост! Тройчы на тыдзень у мяне разам з сяброўкамі па спартыўным гуртку скандынаўская хадзьба, у іншыя дні — самастойная. Выходжу ў 7 раніцы, пакуль усе спяць. Яшчэ двойчы на тыдзень займаюся ў зале. Падтрымліваць актыўнасць дапамагае і агарод. Куды ж без яго, калі жывеш ва ўласным доме? Ды і за кветкамі патрэбны догляд, — падзялілася Людміла Іванаўна.

І такіх вось гісторый удзельнікі спартакіяды маглі расказаць вельмі многа. А мы ж раскажам пра вынікі спаборніцтваў. У настольным тэнісе абсалютным пераможцам стаў Віктар Кудравец, самай трапнай у дартсе — Вера Дарашэнка, а ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі — Уладзімір Чакашоў. Ён жа — сярэбраны прызёр па шашках і дартсе.

У кіданні мяча ў кальцо перамогу святкаваў Мікалай Якута. Абышоў усіх у турніры па шашках Аляксандр Лемяшэўскі, шматгадовы кіраўнік раённай арганізацыі ветэранаў фізкультуры і спорту. Толькі ў гэтым годзе змяніў яго на пасту Васіль Зуй, дзеючы трэнер-выкладчык па лёгкай атлетыцы і член абласной федэрацыі ветэранаў спорту. Ён расказаў, што члены арганізацыі раз на тыдзень могуць бясплатна наведаць басейн ці аквапарк у Водным палацы ў Пружанах або плавальны басейн у Навасёлкаўскай СШ. У планах — арганізацыя сумесных паездак і экскурсій, правядзенне іншых цікавых мерапрыемстваў.

Асобна адзначыць хочацца яшчэ Мікалая Купраша, у якога серабро ў настольным тэнісе і кіданні мяча ў кальцо і бронза ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.

Пераможцы спартакіяды атрымалі заслужаныя ўзнагароды і апладысменты, а тыя, каму сёлета не ўдалося ўзысці на п’едэстал, ні ў якім разе не сталі адчайвацца. Усе яны даказалі, што бавіць час на пенсіі можна і патрэбна актыўна. Гэта, мабыць, і ёсць той самы складнік доўгага і шчаслівага даўгалецця.

Са святам вас, паважаныя спартсмены і дарагія чытачы нашай газеты. Сябруйце са спортам! А ўзрост няхай будзе нічым іншым, як проста лічбамі ў пашпарце!

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбом са спаборніцтваў: https://ok.ru/budni/album/968436600968