Суббота, 24 мая 2025

Пенсія — час займацца спортам і… турызмам! Пажылыя наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання заваёваўваюць узнагароды

525

Удзел у абласных турыстычных спаборніцтвах упершыню ўзяла пружанская каманда пажылых людзей — наведвальнікаў фізкультурных гурткоў пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Аматараў актыўнага турыстычнага адпачынку сабраў у Пінску злёт «СААТА».

Мерапрыемства, якое было зарыентавана на ўмацаванне сацыяльных сувязей і павышэнне актыўнай жыццёвай пазіцыі пажылых людзей, ладзілася ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона» на 2021-2025 гады і нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце-2030».

Да адпраўлення на злёт кожнай з пяці каманд-удзельніц давялося напярэдадні сабрацца, каб прадумаць сваё выступленне для візітнай карткі. Але сапраўдныя выпрабаванні пачаліся ўжо на месцы, на базе Пінскага ТЦСАН, з уладкавання палатачнага лагера. З розумам трэба было падысці да ўкладання турыстычнага рукзака, а падчас праходжання паласы перашкод і эстафеты ад МНС — сабраць усе сілы і… не здацца. Капітанаў іванаўскай, пружанскай і трох пінскіх каманд чакаў інтэлектуальны турнір. Расслабіцца ўжо крыху стомленым пенсіянерам дазволіў конкурс мастацкай самадзейнасці.

— Вельмі складана было спаборнічаць на санцапёку, калі тэрмометр паказвае адзнаку ў +30. Аднак спёка нас не спыніла! — дзеліцца ўражаннямі капітан пружанскай каманды Любоў Казак. — Мы стараліся на ўсе 100% і паказвалі цудоўныя вынікі. Праходзіць выпрабаванні дапамагалі згуртаванасць і, канечне, моцны баявы дух.

Да слова, актыўныя пружанскія жанчыны, у тым ліку Вольга Шабалоўская, Алена Каральчук, Вера Шурына, Валянціна Мажэйка, раней неаднойчы ўдзельнічалі ў фізкультурна-спартыўных мерапрыемствах. Цяпер жа яны заявілі пра сябе як турысты. Нягледзячы на тое, што гэта быў дэбют, суддзі аказаліся вельмі строгімі. Па меркаванні журы, пераможцай турыстычных спаборніцтваў стала каманда гаспадароў. Тым не менш, традыцыйнае падвядзенне вынікаў было заменена на ўзнагароджванне па намінацыях. Кожная каманда-ўдзельніца атрымала па дыпломе. Нашай уручылі дыплом за лепшую візітную картку.

Віншую каманду Пружанскага ТЦСАН з першым вопытам у турыстычных спаборніцтвах! Лепшыя старты яшчэ чакаюць нас наперадзе.

А літаральна на днях у нашай установе прайшлі спаборніцтвы па шашках. Пазмагацца за перамогу маглі ўсе жадаючыя наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і тыя, хто цікавіцца гэтай гульнёй.

У выніку напружанай барацьбы месцы на п’едэстале гонару ў жанчын размеркаваліся наступным чынам: трэцяе заваявала Галіна Сапагова, другое — Вольга Карачаева, а галоўная перамога — у Веры Шурынай.

Сярод мужчын трэцяе месца заняў Аляксандр Прымачэнка, другое — Мікалай Бабрук, а першае дасталася Уладзіміру Чэкашову.

Дарэчы, наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, часта ўдзельнічаюць таксама ў раённых і абласных спаборніцтвах.

Будзьце актыўныя разам з намі!

Алена Астапчык, кіраўнік фізкультурных гурткоў ТЦСАН