Другі месяц у Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў працуе персанальная выстава мастацкіх работ Мікалая Чалея «Сузіранне». Выстава ўяўляе багатую калекцыю пейзажаў і некалькі пробных палотнаў сюжэтнага і партрэтнага стылю. Карціны ў класічным разуменні жывапісу паказваюць увесь глыбокі і багаты адценнямі свет роднай прыроды.

Мастак нарадзіўся ў верасні 1972 года ў вёсцы Савіна Бярозаўскага раёна ў шматдзетнай сям’і. Яшчэ ў школьныя гады яго захапіла магчымасць з дапамогай алоўкаў і простага ліста паперы захаваць моманты прыгажосці зменлівага свету прыроды. Штуршком для развіцця паслужыў удзел у школьных выставах і розных конкурсах. Прызавыя месцы — гэта першыя бонусы, першыя крокі на шляху да развіцця таленту мастака.
Выбраўшы пасля заканчэння школы прафесію будаўніка, Мікалай Чалей не пакінуў свайго захаплення. Спачатку многае давалася няпроста: ён не ведаў «тэхнічных» дэталяў працы з палатном і фарбамі, ніколі не вучыўся ў мастацкай школе і не браў урокаў малявання. Але ў яго жыцці адбылася сустрэча з чалавекам, захопленым жывапісам, які валодаў ўласнай мастацкай майстэрняй. Ён заўважыў здольнасці Мікалая, падарыў яму палотны, пэндзлі і алейныя фарбы, даў рэкамендацыі па працы і параіў далей развіваць свой талент.
Вучыўся Мікалай, ствараючы рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў. Асабліва натхнялі краявіды Юлія Клевера і Івана Шышкіна. На выставе ў нашым музеі прадстаўлена адна з апошніх такіх копій — рэпрадукцыя карціны Івана Шышкіна «Вячэрняя цішыня».
Мікалай з’яўляецца членам «Саюза мастакоў і майстроў» установы папулярызацыі народнай творчасці «Цэнтр беларускай культуры» горада Брэста. Першая яго персанальная выстава прайшла ў 2021 годзе ў г. Бяроза, другая — у Пружанах. На 2023 год плануюцца выставы ў Брэсце і Баранавічах.

Падчас адкрыцця выставы ў Ружанах у адрас мастака прагучалі цёплыя словы ад наведвальнікаў музея. Яны падкрэслілі ўтульную атмасферу сустрэчы. Сярод гасцей прысутнічалі сябры і блізкія аўтара, мастакі Яўген Іваноў і Мікалай Казак, парады і ацэнка якіх у свой час сталі незаменнай падмогай у развіцці майстэрства Мікалая Чалея. Іх працы часам пераклікаюцца тэматыкай і стылем. Некалькі палотнаў з калекцый сяброў былі часова прадстаўлены на адкрыцці.
Запрашаем усіх акунуцца ў свет фарбаў і наведаць выставу, якая працягнецца да канца лістапада.
Алена Паляшчук, навуковы супрацоўнік ДУК «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў»